Выпускнікам мінскага каледжа не аддаюць дыпломы, пакуль самі сябе не размяркуюць
Дыплом у абмен на самастойна знойдзенае выпускніком месца працы па размеркаванні — такі варыянт выпускнікам прапаноўваюць у Мінскім архітэктурным каледжы. Яно зразумела: заявак мала, студэнтаў шмат.
"Меркавала, што дыплом аддадуць. Але на ўручэнні імёны тых, у каго няма размеркавання, проста не назвалі, і ўсё. А працу цяпер знайсці складана. Я ўжо і на курсы запісалася. Шукала, пачынаючы з лютага. Я баялася, каб не размеркавалі па нейкай сумежнай спецыяльнасці ці рабочым", — расказвае сваю гісторыю “запрыгоньвання” выпускніца архітэктурнага каледжа Любоў.
Дыплом ёй мусілі аддаць яшчэ ў канцы красавіка. Іншаму выпускніку, Антону дакумент выдалі, бо размеркаванне ён сабе знайшоў.
"Нам выдалі дыпломы тыдзень таму. Хлопцам было лягчэй. Атрымліваецца, што ты знаходзіш працу, яны табе даюць ліст у каледж. Ты з лістом прыходзіш у аддзел кадраў, тады дапрацоўваеш дыпломную працу і атрымліваеш дыплом", — расказвае Антон.
У самім Архітэктурна-будаўнічым каледжы методыку размеркавання абмяркоўваць адмаўляюцца. Дырэктар Іван Шостак называе сёлетняе размеркаванне "праблемным".
Еўрарадыё: Як сёлета прайшло размеркаванне?
Іван Шостак: Праблемна. Яшчэ не ўсіх размеркавалі.
Еўрарадыё: А праўда, што вы дыпломы аддаяце, толькі калі выпускнік сам сабе працу знаходзіць?
Іван Шостак: Чаму сам сабе? Што вы на слове ловіце?!
Пасля гэтага дырэктар кладзе слухаўку і больш да тэлефона не падыходзіць.
Юрысты Міністэрства адукацыі, куды звяртаемся па кансультацыю, адназначна кажуць, што не аддаваць дыплом пакуль выпускнік не знойдзе сабе размеркаванне — незаконна.
Пастанова Саўміна № 821 "Аб некаторых пытаннях размеркавання..." абавязвае менавіта ўстановы адукацыі шукаць першае месца працы для сваіх выпускнікоў.
"Размеркаванне, накіраванне на працу выпускнікоў, ажыццяўляюцца установай адукацыі або дзяржаўным органам, у падпарадкаваннi якога знаходзiцца ўстанова адукацыі", — гаворыцца ў дакуменце.
А калі чытаць Кодэкс аб адукацыі, то вольны дыплом даецца выпускніку, "якому месца працы не можа быць прадстаўленае ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю".
Калі выпускніку не аддаюць дыплом без размеркавання, то ён можа напісаць заяву на імя рэктара ці дырэктара са спасылкай на 821-ю пастанову Саўміна і на Кодэкс аб адукацыі і папрасіць вольны дыплом. Або спаслацца на тое, што тэрміны размеркавання мінулі, і таксама папрасіць вярнуць дакументы.
Але рызыка, што каледж ці ВНУ ўсё ж знойдзе не лепшае месца ў глыбінцы для такога выпускніка ўсё ж застаецца.