Выпускны-2023: мантыі, кароны і "касцюм беларускага інтэлігента"
У бацькоўскіх чатах жартуюць: "Сквапныя бацькі — гэта не дрэнна. Горш — пантовыя" / Disney
Хтосьці ўжо выбраў сукенку дыснееўскай прынцэсы, а хтосьці наогул перадумаў ісці на выпускны і плануе сустрэць "першы світанак дарослага жыцця" ў вузкай кампаніі сяброў за горадам.
Якія танцы развучваюць беларускія выпускнікі? А што танчаць тыя, хто заканчвае школу за мяжой?
Якія кампрамісы шукаюць у бацькоўскіх чатах? Як наогул падрыхтавацца да выпускнога, не звар'яцець і ні з кім не пасварыцца? І так — што з алкаголем?
Напярэдадні выпускных мы пагаварылі з падлеткамі і іх бацькамі.
Дзяўчаты хацелі кароны і чырвоную дарожку — у выніку выпускнога не будзе наогул
Сын Ганны [імя змененае] будзе святкаваць заканчэнне школы з невялікай групай школьных сяброў. На момант выпускнога ім усім ужо споўніцца 18 гадоў, і хлопцы і дзяўчаты арандуюць катэдж недалёка ад горада. Бо за год у бацькоўскім чаце так і не дамовіліся пра тое, як арганізаваць выпускны, які задаволіў бы ўсіх.
Адны хацелі адзначыць "па-каралеўску", іншыя — укласціся "хаця б у 300 даляраў". Вынік: першы "світанак дарослага жыцця" хлопцы і дзяўчаты сустрэнуць асобнымі кампаніямі.
— Арганізацыяй узяліся займацца яшчэ ў лютым. Бацькі пачалі дасылаць варыянты ў агульны чат.
Але ў школе ёсць групка дзяўчат, якія выпускны ўяўляюць сабе як ўручэнне "Оскара" — сафіты і чырвоная дарожка. Аднаму з вядоўцаў, якога я прапанавала, 36 гадоў. Гэтыя дзяўчаты сказалі пра яго: "Ён стары, ён нам не падыходзіць". У выніку за справу ўзяліся іншыя бацькі.
Першапачаткова школьная адміністрацыя наогул хацела абмежаваць святкаванне выпускнога сталоўкай — не пускаць выпускнікоў нават у актавую залу. Бацькі здолелі дабіцца, каб урачыстую частку ўсё ж дазволілі арганізаваць у зале.
— Але пакуль дамаўляліся, многія падрадчыкі аказаліся занятыя. Больш-менш нармальны вядоўца на той час ужо браў ад тысячы долараў за вечар. Зрэшты, на выпускны планавала ісці каля 30 чалавек, так што такая сума для нас была яшчэ цалкам пад'ёмнай.
Але і вядоўцаў "за тысячу" нашы дзяўчаты адмялі — і знайшлі тых, хто браў ад трох тысяч долараў.
Большасць бацькоў гатовая была заплаціць за выпускны 250-350 долараў. Але з такімі запытамі ў гэтыя сумы мы больш не ўкладваліся, і многія пачалі адмаўляцца. У тым ліку і мой сын, хоць мы маглі б пацягнуць гэтыя грошы. Ён сказаў, што стаміўся слухаць пра ўсе гэтыя "сукенкі-кароны".
Сын Ганны вырашыў, што пойдзе толькі на ўрачыстую частку — проста атрымаць атэстат. Але і гэта аказалася не бясплатна: трэба здаць па 60 долараў. Грошы пойдуць на ўпрыгожанне залы, афармленне паштовак-запрашэнняў і сталоў для настаўнікаў.
— І не забываем пра падарунак для школы. Хоць яшчэ ў пачатку года бацькоўскі камітэт абвясціў збор, і падарунак мы ўжо купілі і ўручылі. Але пра гэта ўжо ўсе чамусьці забылі, і цяпер адміністрацыя намякае дзецям на ўроках: маўляў, як не сорамна! Мы столькі вучылі вашых дзяцей, а вы шкадуеце грошай на падарунак!
Ганна прызнае, што школа яе сына — не найлепшы прыклад, бо клас ніколі не быў надта ўжо дружным. Хлопцы і дзяўчаты сябравалі "асобнымі кампаніямі" — вось і выпускны сустрэнуць паасобку.
Сукенка дыснееўскай прынцэсы і фотасесія ў мантыях
Дачка Вольгі [імя змененае] вучыцца ў ліцэі. У адной паралелі там не два выпускныя класы, а больш за дзесяць! І гэта значыць, што ўсе выдаткі дзеляцца на некалькі сотняў выпускнікоў. Адным словам, можна дазволіць сабе свята, якое не так ужо моцна ўдарыць па кашальку бацькоў.
— Свята арганізуюць у памяшканні ліцэя, і арганізацыяй у асноўным займаецца адміністрацыя. Прычым займаецца гэтым з году ў год, так што бацькі і выпускнікі ведаюць, што ўсё будзе на добрым узроўні — прэтэнзій ніколі не бывала.
Двое бацькоў ад класа прысутнічалі на агульным бацькоўскім сходзе, калі абмяркоўвалася сума, якую трэба здаць на выпускны. Яны перадалі асноўную інфармацыю іншым бацькам. У выніку на выпускны мы здаём па 300 рублёў.
І ў гэтую суму ўваходзіць усё: фуршэт, фотаздымка, вядоўца, забаўляльная праграма — усё, што толькі можа прыйсці ў галаву арганізатарам свята.
— У адміністрацыі рука набітая гадамі, ніякіх знешніх іншых удзельнікаў у гэтым няма. Нічога звышнатуральнага таксама няма — проста ўсё добра. Ці нават выдатна.
Мы распыталі Вольгу і пра выпускную моду.
— Мая дачка сказала, што хоча быць на свяце як дыснееўская прынцэса. У выніку знайшлі прыдатную сукенку. Пакуль выбіралі, кансультант сказала нам, што многія "канкурэнткі" з ліцэя мералі сукенкі ў іх салоне.
Плануем звязацца з нашым сямейным цырульнікам — спытаць, ці не ангажаваная яна на гэты дзень кімсьці яшчэ.
Але сукенкі дыснееўскіх прынцэс — не адзіны ўбор, у якім будуць пазіраваць выпускнікі. Адміністрацыя вырашыла сёлета закупіць для асобнай фотасесіі яшчэ і мантыі — па аналогіі з еўрапейскімі каледжамі.
Як сама Вольга плануе прабавіць гэты дзень?
— З дачкой, вядома. Такая падзея — раз у жыцці.
“Сукенку будзе шыць сяброўка-краўчыха, а туфлі знайшлі на “Куфры”
Таццяна арганізавала ўжо некалькі выпускных вечароў — яе старэйшыя дзеці даўно скончылі школу, а малодшая дачка выпускаецца сёлета. Цяпер Таццяна можа параўнаць кошт вечара сёння і 10 гадоў таму. І аказваецца, тарыфы прыкметна падраслі.
— Мы пачалі думаць пра выпускны яшчэ ў пачатку навучальнага года. Спачатку адміністрацыя казала, што святкаваць можна будзе толькі за межамі школы. І ўжо ў верасні ўсе месцы ў горадзе былі занятыя. Усе сядзібы, усе рэстараны — усё, куды можна было "ўціснуцца" вялікай колькасці людзей.
Ад безвыходнасці мы ледзь не забраніравалі самае дарагое месца ў горадзе, якое заставалася свабодным, калі, нарэшце, нам дазволілі правесці выпускны ў школе.
Дзесяць гадоў таму, калі Таццяна арганізоўвала выпускны для класа, у якім вучылася старэйшая дачка, на ўсё пайшло 150 долараў.
— Колькі цяпер? Збіралі ўвесь год. За банкет на аднаго чалавека — 130 рублёў. То-бок калі на банкет ідзе сям'я з трох чалавек — 390 рублёў. Вядоўца — 14 долараў з чалавека. Фотазона — 600-900 рублёў на два класы. Фотаальбомы — яшчэ 100 рублёў. Відэаздымка — яшчэ 700 рублёў на клас.
І гэта не лічачы падарунка школе: 50 рублёў з дзіцяці трэба адправіць на рахунак. Раней дарылі тэлевізары, але цяпер, мабыць, тэлевізараў школе ўжо хапае.
Падыходзім да моманту, што выклікае найбольш хвалявання: як сабрацца на выпускны і колькі гэта каштуе. Сукенку для дачкі Таццяны будзе шыць сяброўка сям'і — тканіна абышлася ў 130 рублёў. А туфлі знайшлі на "Куфры" за 10 долараў.
— Абцасы ў мяне дзеці не носяць, які сэнс купляць новыя туфлі на адзін раз? Лепш купім яшчэ адны на "Куфры", каб можна было выбраць з дзвюх пар.
Прычоска? Каля 80-100 рублёў. Макіяж дачка будзе рабіць сама, але аднакласніцы заказвалі паслугі майстра за 50-80 долараў.
Па класе хадзілі чуткі, што некаторыя дзяўчаты шукалі сукенкі за 500 долараў. Але пакуль гэта толькі школьная легенда. Ацэньваць сукенкі адна адной аднакласніцы будуць ужо ў чэрвені.
— Што з алкаголем? Мінулым разам казалі, што забаронена пад страхам смяротнага пакарання. А потым у апошні момант класная кіраўніца сказала прынесці віно ў кардонных скрынках ад соку. Задумка была ў тум, каб мы самі ведалі, якое гэта віно, — каб нікому не стала кепска.
Упэўненая, дырэктарка ўсё ведала і сама прыдумала гэта, каб дзеці не прыцягнулі ніякага "левага" алкаголю.
Але сёлета нам зноў сказалі, што алкаголь катэгарычна забаронены. Мы, зрэшты, ужо ведаем, што ўсё яшчэ можа змяніцца.
Таццяна запэўнівае, што ў яе выпускны малодшай дачкі не выклікае хвалявання.
— Ведаеце, я памятаю выпускны старэйшага дзіцяці. Ён паўгадзіны пасядзеў за сталом, а потым падняўся і сказаў: усё, я хачу спаць, пойдзем дадому. Так што не, цяпер праз выпускныя вечары я ўжо не хвалююся.
Паланез і касцюм у стылі беларускай інтэлігенцыі 1920-х гадоў
Стэфан сёлета заканчвае школу ў Польшчы. Яго аднакласнікі з Беларусі адсвяткавалі выпускныя на год раней — год таму яны расказвалі сябру, як спрабавалі развучыць венскі вальс.
Стэфан жа заканчвае не адзінаццаць класаў, як ягоныя беларускія сябры, а дванаццаць — так прынята ў Польшчы. Сёлета ён развучваў не венскі вальс, а паланез — абавязковы элемент балю выпускнікоў.
Стэфан правёў у Польшчы чатыры гады і расказвае нам, як развітваюцца са школай па польскай традыцыі.
— Выпускны ў Польшчы нетыповы ў нашым разуменні: ён праходзіць у два этапы, якія вельмі разведзеныя ў часе. Першы — гэта баль studniówka. Ён адбываецца за сто дзён да першага матуральнага экзамену. Другі этап — заканчэнне навучальнага года, менш урачыстае мерапрыемства.
"Стадзёнку" рыхтуюць вучні з бацькамі, у першую чаргу рашэнне прымаюць бацькі. У мяне бацькі аднакласнікаў далі вялікую свабоду і мы ў асноўным самі вырашалі, як будзе выглядаць баль. Варта дадаць, што мая школа была каталіцкай, і ксёндз-дырэктар таксама выступаў цэнзарам і вырашаў, што рабіць можна, а чаго нельга.
У Польшчы стадзёнка мае вялікае культурнае значэнне, таму пераважная большасць вучняў ставіцца ўхвальна і чакае сваёй чаргі, калі будзе нарэшце іх свята, іх стадзёнка. Стадзёнка — гэта не толькі нацыянальная традыцыя, але і лакальная. Напрыклад у маёй школе запрашаюць усіх вучняў сярэдняй школы. Так мне пашчасціла паўдзельнічаць яшчэ ў дзвюх папярэдніх урачыстасцях.
У арганізацыі свята наогул вельмі вялікая свабода, бо гэта можа быць спакойная камерная вячэра ці гучнае мерапрыемства з музыкай і танцамі — усё залежыць ад фантазіі саміх вучняў. Але на стадзёнцы ёсць два важныя элементы: танец паланез у пачатку святкавання і прамова дырэктара школы і падзяка вучняў настаўнікам за праведзеную працу. Настаўнікі — госці ўрачыстасці і прыходзяць, каб адпачыць.
Запрашаюць настаўнікаў звычайна класам — або адпраўляюць дэлегацыю, якая ад імені цэлага класа запрашае іх на свята.
Дрэс-код? Гэта справа асабістая, кажа Стэфан. Але калі вучні захочуць увесці дрэс-код — дзверы адкрытыя! Летась дзяўчаты-выпускніцы прапанавалі апрануцца ў стылі дваццатых — трыццатых гадоў мінулага стагоддзя. Стэфан тады прыйшоў у ільняным касцюме з вышыўкай, каб падкрэсліць адметнасць беларускай інтэлігенцыі тых часоў.
А колькі каштуе такі святочны баль? Колькі заўгодна.
— Выдаткі могуць быць самымі рознымі — школа дае толькі памяшканне і, магчыма, некаторыя прыналежнасці, напрыклад, дынамік або эквалайзер. А ўсё астатняе — у руках і кішэнях бацькоў і вучняў. У нашым выпадку мерапрыемства абышлося ў 300 злотых з чалавека — большую частку бюджэту "з'ела" ежа. Пошук вядоўцы быў складаны, адзін пан прапаноўваў свае паслугі, але нам давялося адмовіцца, бо не вытрымаў бы бюджэт.
Мы спыталі ў Стэфана і пра выпускны яго мары: якім бы ён быў, калі б не абмежаванні?
— Калі б гэта было ў маёй уладзе, я б зрабіў вечар у нацыянальным традыцыйным характары з тыпова нашымі танцамі і спевамі. Але самым важным я лічу адчуванне самога свята: калі людзі збіраюцца ў адным месцы, каб парадавацца, павесяліцца. Пасля афіцыйнай часткі ўсе дзеляцца на групы па інтарэсах, і тады часта адбываюцца самыя розныя рэчы: хтосьці прызнаецца ў каханні, хтосьці знаходзіць новых знаёмых, адкрывае ў сабе нечаканыя рысы характару, і гэты спіс можна доўжыць да бясконцасці.
А калі закрыць вочы на ўсе праблемы і непаразуменні падчас падрыхтоўкі, у любым выпадку застанецца ўнікальны прыемны ўспамін пра гэты асаблівы дзень.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.