Выйсці з дэпрэсіі Буфону дапамагла славутая карціна Шагала "Прагулка"
Легендарны брамнік "Ювентуса" Джанлуіджы Буфон напісаў пра тое, як мастак Марк Шагал змяніў яго жыццё. Ён апублікаваў ліст да сябе, 17-гадовага. У ім 41-гадовы Буфон і піша, што аднойчы ў музеі яго "зачапіла" ("як удар маланкі") адна з карцін Шагала "Прагулка". Яна дапамагла яму выйсці з дэпрэсіі.
"Яе быццам намалявала дзіця, — піша брамнік. — Мужчына і жанчына ў парку на пікніку, але гэта чароўная гісторыя. Жанчына ляціць угору, як анёл. Мужчына стаіць на зямлі, трымае яе за руку: усміхаецца. Нібыта сон дзіцяці".
Джанлуіджы Буфон лічыць, што карціна Марка Шагала "перадае нешта з іншага свету", нагадвае, "як гэта — быць дзіцем" і "як проста быць шчаслівым".
Марк Шагал — знакаміты мастак, ураджэнец Віцебска. Большую частку жыцця правёў на чужыне, пахаваны ў Францыі. На карціне "Прагулка" можна пабачыць пейзаж якраз Віцебска.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.