Як Еўрарадыё дамагалася дэкларацыі аб прыбытках ад прэтэндэнтаў у прэзідэнты

Як Еўрарадыё дамагалася дэкларацыі аб прыбытках ад прэтэндэнтаў у прэзідэнты

Чым займаюцца прэтэндэнты ў прэзідэнты, калі подпісы, сабраныя за іх вылучэнне ў Цэнтрвыбаркам, ужо здадзеныя, але пасведчанні кандыдатаў яны яшчэ не атрымалі і агітаваць за сябе не могуць? Складаюць дэкларацыі аб прыбытках. 

Як стала вядома Еўрарадыё, Таццяна Караткевіч сваю дэкларацыю ў ЦВК ўжо аднесла, Сяргей Гайдукевіч і Мікалай Улаховіч абяцаюць зрабіць гэта ў самы бліжэйшы час. А як наконт таго, каб паказаць гэтыя паперы нам?

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Мікалая Улаховіча Міхаіл Образаў дае катэгарычную адмову.

Міхаіл Образаў: “Пакуль не трэба. Навошта даваць тое, што яшчэ не прайшло нейкую праверку? Вось, калі ўсё па законе пройдзе… Мы павінны кіравацца законам”.

Таццяна Караткевіч, маўляў, не тое, каб супраць, “але трэба параіцца з камандай, ці трэба гэта рабіць”. Толькі параіцца ўсё ніяк не атрымліваецца, і ў выніку ўцямнага адказу на прапанову я так і не атрымліваю.

Як Еўрарадыё дамагалася дэкларацыі аб прыбытках ад прэтэндэнтаў у прэзідэнты

І толькі лідар ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч адразу радасна пагаджаецца паказаць усё. Праўда, раптоўна і яго энтузіязм затухае. 

“Я не супраць, — запэўнівае мяне Гайдукевіч. — Але пытанне вось у чым: глядзім дакумент, дзе пералічаныя дакументы, якія неабходна мне прадставіць у ЦВК, і тут пазначаная пісьмовая заява, іншае, але ў канцы ёсць “Заўвага: Разгалошванне — толькі ў Цэнтральнай выбарчай камісіі”. Гэта ўсё бязглуздзіца, зразумела. Ну, як не разгалошваць?! Мяне ўсе суседзі ведаюць, усе мяне ведаюць — чаму я не магу табе даць? Але ж тут размова, каб мяне за гэта ЦВК не пачала цкаваць… Гэта толькі апазіцыя думае, што я тут увесь з сябе і ўлада кіруе”.

Як Еўрарадыё дамагалася дэкларацыі аб прыбытках ад прэтэндэнтаў у прэзідэнты

Мы ж не хочам, каб потым казалі, што з-за Еўрарадыё Сяргей Гайдукевіч зляцеў з выбараў? Тэлефануем юрысту Цэнтрвыбаркама Алене Дзьмухайла. Пытанне, ці панясе нейкае пакаранне Гайдукевіч, калі аддасць сваю дэкларацыю аб прыбытках Еўрарадыё раней, чым прынясе яе ў ЦВК, ставіць юрыста ў тупік. Але потым яна кажа, што забараніць Гайдукевічу перадаць Еўрарадыё яго дэкларацыю яны не могуць, але на погляд ЦВК, рабіць гэтага не варта.

Алена Дзьмухайла: Па заканадаўстве не прадугледжанае прадстаўленне дэкларацыі любому, хто папросіць. Але калі ён гэта зробіць, то забараніць… Мы ж яго за рукі трымаць не будзем!

Еўрарадыё: А караць ёсць за што ці не?

Алене Дзьмухайла: Мы, як Цэнтральная камісія, яго караць не будзем. Калі будуць нейкія пытанні і прэтэнзіі да яго, то гэта ўжо будзе ў іншым парадку разглядацца пытанне. Але мы лічым, што з пункту гледжання выбарчага заканадаўства гэтага рабіць не варта. Ёсць пэўны парадак прадстаўлення дэкларацыі ў Цэнтральную камісію, агалошвання звестак. Навошта патрэбнае агалошванне да таго, як дэкларацыя была правераная і атрымала сваё пацверджанне? Інфармацыя можа апынуцца і непраўдзівай. А вам вось так ужо хочацца гэтую дэкларацыю?

Еўрарадыё: А раптам знойдзем які скандал?!

Алене Дзьмухайла: Мне падабаецца ваша шчырасць, але, напэўна, не трэба. Гэта не той выпадак, давайце будзем берагчы і сваякоў патэнцыйнага кандыдата.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі