Як падбіраецца, ставіцца і ўплывае музыка для Чэмпіянату свету па хакеі
Еўрарадыё паразмаўляла з адказнымі за “агучку” матчаў на абедзвюх лядовых арэнах Мінска.
Адбор музыкі, якая будзе гучаць на матчах падчас чэмпіянату свету па хакеі, цалкам даверылі гукарэжысёрам лядовых арэн. Адзінае патрабаванне Міжнароднай федэрацыі хакея: ніякай прапаганды гвалту ды ніякай нецэнзурнай лексікі.
“Не столькі мае ўласныя музычныя густы, колькі агульна нашага калектыву, — распавядае кіраўнік аддзелу электронна-інфармацыйнага забеспячэння “Чыжоўка-Арэны” Аляксей Андросаў. — У нас розную музыку слухаюць, але хакей больш асацыюецца з сілавой гульнёй. Тым не менш, у нас даволі шмат танцавальных кампазіцый, той жа “Gangnam Style” мы ставілі, ці “What is Love”. Але ў асноўным хакею больш пасуе рок, каб у людзей ды саміх хакеістаў настрой быў баявы”.
Напрыклад, на “Чыжоўка-Арэне” плэй-ліст для агучкі матчаў складаецца са 150 сучасных замежных хітоў. Запланаваць, які з іх паставіць у наступны момант, натуральна, немагчыма, але і ніякіх экстрановых і складаных прыладаў гукарэжысёры не выкарыстоўваюць.
“Ды ў тым жа AIMP (папулярны камп’ютарны мультымедыйны прайгравальнік) можна зрабіць колькі патрэбна ўкладак, — дзеліцца сакрэтам Аляксей Андросаў. — На раскатку — свая ўкладка, на танцавальныя забіўкі — свая, для фан-камеры свае забіўкі, калі нейкая кароценькая паўза, то проста ставім арганны кавалачак… А далей проста хуценька прагартаў патрэбную ўкладку і паставіў. Тым больш, у нас шмат хто з супрацоўнікаў раней былі DJ, таму яны ведаюць, што і як хутка рабіць з музыкай”.
Амаль усе зборныя самі выйшлі на гукарэжысёраў і перадалі песні, якія хацелі б пачуць падчас уласных гульняў. У асноўным, гэта трэкі менавіта з нацыянальным каларытам ці вядомыя ў краіне мясцовыя хіты. Праўда, на “Чыжоўка-Арэне” не выступалі ні беларуская, ні расійская, ні казахская каманды, таму там абышліся толькі англамоўнымі трэкамі. Рок-аранжыроўку “Купалінкі”, песні “Песняроў”, BeZ bileta ды “Лепрыконсаў” можна было пачуць толькі на “Мінск-Арэне”. Прынцып адбору: тое, што на слыху, што людзі гатовыя падтрымаць і што пакажа, што мы ў Беларусі.
“Я пераслухаў вельмі шмат кампазіцый, але яны па фармаце не падыходзяць для хакея, — тлумачыць такі малы адсотак беларускамоўных песень гукарэжысёр “Мінск-Арэны” Вадзім Крывавяз. — У тых жа BeZ bileta ёсць добрая песня “Мая краіна Беларусь”, але яна тужлівая… Тое ж і з сучаснымі песнямі маладых музыкаў, тыя ж ili-ili… А тыя гурты, што пісалі песні пра хакей ды Беларусь да чэмпіянату, то я не ведаю, з чаго яны вырашылі, што напісалі хакейную песню. Я лічу, што гэта чарговыя песні ў выкананні гурта, а не хакейныя трэкі”.
І ў дадатак, не трэба забывацца, што хакейная паўза можа цягнуцца ад секунды да некалькіх хвілін, а за гэты час у песнях можа праскочыць і якое-небудзь непатрэбнае слова ці выраз. Не ўсе ж беларускія рок-гурты будуць добра ўспрымацца чыноўнікамі.
“Магу сказаць, што дыджеем у клубе прасцей працаваць, бо туды людзі мэтанакіравана ідуць весяліцца, танчыць і ў іх з большага лепшы настрой, — працягвае Вадзім, які ўжо два гады афармляе матчы хакейнага клуба “Дынама-Мінск”. — А калі ідзе барацьба, то трэба падтрымаць каманду, калі, напрыклад, шайбу не залічылі ці ідзе бойка, то трэба дадаць эмацыйнасці праз музыку. Сама гульня адбываецца на лёдзе, а ўсё астатняе — гэта ўжо шоў! Шоў з балельшчыкамі, якім трэба ствараць настрой!”.
Нагадаем, што паслухаць працу і падборкі гукарэжысёраў мінскіх лядовых арэна можна будзе ўжо сёння. 22 траўня адбудуцца матчы Канада — Фінляндыя ("Чыжоўка-Арэна", пачатак а 16-й гадзіне), Расія — Францыя ("Мінск-Арэна", 17.00), ЗША — Чэхія ("Чыжоўка-Арэна", 20.00) і Беларусь — Швецыя ("Мінск-Арэна", пачатак а 21-й гадзіне).
Паўфіналы пройдуць у суботу, 24 траўня, а фінал і матч за "бронзу" — 25 траўня. Усе гэтыя паядынкі адбудуцца на "Мінск-Арэне".