Як праект ArtPower Belarus дапаможа беларусам на 2 мільёны еўра

Грошы на добрую справу / Sputnik
Грошы на добрую справу / Sputnik

Два мільёны еўра — менавіта столькі грошай вылучыў Еўрасаюз на падтрымку буйнога праекта ArtPower Belarus, які накіраваны на захаванне беларускай грамадскай прасторы праз культуру і мастацтва.

“Безумоўна, гэта важная падзея для беларускай незалежнай супольнасці. Можна сказаць, што ўпершыню наша культура трапіла ў прыярытэты працы Еўрасаюза з Беларуссю”, — распавядае пра гэта кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін

Як праект ArtPower Belarus дапаможа беларусам на 2 мільёны еўра

“Сітуацыя, што нам нібы не да песень, калі ў павесцы гвалт, рэпрэсіі ды вайна, мяне заўсёды бянтэжыла, — працягвае эксперт. — Таму было важна давесці, што культура — гэта тое, што дапаможа захаваць не толькі нас як грамадзян Беларусі, але і ўласна нашу краіну. І вось з гэтай думкай мы жылі ўвесь гэты час”.


Дастукацца да еўрапейцаў было няпроста

Конкурсу з заяўкамі і пераможцамі не было. Тлумачыць еўрапейскім партнёрам, што падтрымка беларускай культуры — гэта адзін з вельмі моцных рухавікоў пераменаў, давялося не адзін дзень, бо не кожны гатовы адразу выдаткаваць вялікія грошы для нейкай маладой арганізацыі нават на добрую ініцыятыву.

Не абышлося без дапамогі Святланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі, якія выдатна разумеюць важнасць культурніцкага інструменту і неаднаразова выступалі з прамовамі на гэтую тэму на міжнародным узроўні.

Безумоўна, каб павысіць цікавасць да беларускай культуры, шмат чаго зрабілі самі беларускія творцы і не толькі за апошнія два гады, а таксама тыя еўрапейскія арганізацыі, якія ўразіліся іх працай і вырашылі дапамагчы.

Так, вядучым партнёрам праекта выступае Дацкі інстытут культуры (DCI): арганізацыя мае адпаведны досвед буйных міжнародных праектаў па ўсім свеце, у прыватнасці, у краінах “Усходняга партнёрства”. Менавіта на ёй ляжыць кантрактная адказнасць за забеспячэнне празрыстасці праекта, яго якасці і фінансавага кіравання, пра што распавёў часовы дырэктар Дацкага інстытуту ў Эстоніі, Латвіі і Літве (Беларусі і Украіне) Мэс Эстэргор.

Як праект ArtPower Belarus дапаможа беларусам на 2 мільёны еўра
Прэзентацыя праекта ў Вільні / "Тэлеграм"

Як будзе працаваць ArtPower Belarus

Праект ArtPower Belarus разлічаны на 28 месяцаў і створаны адмыслова для беларускіх дзеячаў культуры, аўтараў усіх галінаў мастацтва, а таксама іх аўдыторыі — за мяжой і, наколькі гэта магчыма, унутры краіны. Ён ставіць перад сабой дзве галоўныя мэты: падтрымку культурніцкіх ініцыятываў дзеля кансалідацыі беларускага грамадства, у тым ліку дыяспараў і суполак у выгнанні, а таксама стварэнне прафесійных культурніцкіх сетак і павышэнне майстэрства творцаў у гэтых сетках. 

Як праект ArtPower Belarus дапаможа беларусам на 2 мільёны еўра

“Перш за ўсё, увесь гэты праект арыентаваны на тое, каб падтрымаць беларускую культуру і тых, хто ўнутры Беларусі, — кажа распрацоўніца ArtPower Belarus Таццяна Пашавалава. — Тых, хто цяпер у нечалавечых умовах змагаецца за права быць творцам і проста быць сабою. Мы ведаем, што адбываецца ў Беларусі і тое, што дзейная там дзяржаўная палітыка супраць як самой беларускай культуры, так і культуры ў прынцыпе. Гэта надзвычай складана і цяжка, але нейкі выклік падтрымаць і беларускага вытворцу ў Беларусі, і самаго беларускага гледача. Таксама неабходна знайсці сродкі і каналы, каб беларусы маглі ў Беларусі глядзець, чытаць ды слухаць беларускае. Мне здаецца, што тыя, хто будзе прымаць рашэнне пра падтрымку ініцыятыў удзельнікаў праекта, пры аднолькавых здольнасцях каманд ствараць якасны прадукт павінны даваць перавагу тым, хто працуе з Беларусі. Менавіта ў Беларусі павінна жыць беларуская культура і выпрацоўвацца новыя сэнсы жыцця, ідэі, як перамагчы і наладзіць сучасны лад жыцця. Спадзяюся, што кааперацыя тых, хто працуе і ў Беларусі, і за яе межамі, дасць магчымасць і рэалізаваць творчыя ідэі, і арганізаваць каналы перадачы, і неяк выжыць у гэтых умовах”.    

Паводле слоў Таццяны, у межах ініцыятывы Беларуская Рада культуры стварае Рэсурсны цэнтр. Прастора для камунікацыі з’явіцца ў Вільні. Між іншым, у ёй плануецца правесці курс падрыхтоўкі менеджараў культуры, штогод ладзіць міжнародныя культурніцкія канферэнцыі ды рыхтаваць рэгулярныя аналітычныя справаздачы.  


Касмічныя грошы?

Пэўны адсотак ад грошай праекта разлічаны на экстранную дапамогу прадстаўнікам культуры, таму сказаць, што два мільёна еўра — гэта нейкія касмічныя грошы, якія вырашаць літаральна ўсе нашы праблемы, нельга.

“Калі падзяліць іх на 28 месяцаў, можна ўявіць, што сродкі не вельмі вялікія, але, безумоўна, гэта добры пачатак. Калі гэтыя сродкі будуць размеркаваныя эфектыўна, калі гэта дапаможа вырасціць новыя ініцыятывы ўжо па-за намі, калі новыя праекты будуць жыць і натхняць іншых, народзяць новых арт-мэнаджарэаў, калі сфера будзе развівацца далей, тады можна будзе казаць пра далейшыя рэсурсы падтрымкі”,  — тлумачыць Сяргей Будкін.  


Што наконт бяспекі?

Беларуская Рада культуры прызнаная ў Беларусі экстрэмісцкім фармаваннем. Гэта азначае, што любыя кантакты з ёю ствараюць прамую рызыку для беларусаў трапіць пад рэпрэсіі рэжыму і атрымаць турэмны тэрмін.

У арганізацыі гэта разумеюць, таму дбаюць пра тое, каб любая супраца Рады з людзьмі, якія застаюцца ў Беларусі, праходзіла выключна з пэўнымі гарантыямі бяспекі:

"Мы будзем карыстацца паслугамі адмыслоўцаў, якія здольныя забяспечыць неабходны ўзровень бяспекі тым творцам, якія пажадаюць узяць удзел у праекце, — абяцаюць распрацоўнікі ArtPower Belarus. — Пры гэтым будзем улічваць увесь наяўны досвед, у тым ліку негатыўны".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі