Як праверыць грыбы ў Мінску
Грыбы на рынках абавязкова праходзяць праверку на ўтрыманне радыенуклідаў. Але што рабіць, калі ты купіў іх на вуліцы, а потым засумняваўся? Ці сабраў у лесе, але не ўпэўнены, што яны "чыстыя"?
Дактары-эпідэміёлагі раяць абавязкова правяраць на ўтрыманне радыенуклідаў усе сабраныя ў лесе грыбы. Таксама яны рэкамендуюць не правяраць грыбы ў хатніх умовах звычайным дазіметрам:
"Правяраць ягады і грыбы бытавым дазіметрам бессэнсоўна, — растлумачылі спецыялісты Беллесаховы. — Ён паказвае толькі фонавы ўзровень радыяцыі і не фіксуе ўтрымання ўнутраных радыенуклідаў. Ён не фіксуе актыўнасць цэзію".
Еўрарадыё вырашыла праверыць, наколькі бяспечна купляць грыбы на вуліцах Мінска.
Першыя грыбы, лісічкі, я купіў ля станцыі мерто “Інстытут культуры”. У дзядзечкі, які ўжо збіраўся з'язджаць дамоў. Каштавалі ўсяго пяць рублёў за амаль што чатыры літры.
Другія, падбярозавікі, я набыў каля Камароўскага рынка, дзе заўсёды шмат вулічнага гандлю, які нікім не правяраецца. Дзядзька з тыповымі махлярскімі звычкамі, які так і імкнуўся каго-небудзь абдурыць, прадаваў "учорашнія" грыбы. Тут можна знайсці як добрыя прадукты, так і поўнае абы што. Падбярозавікі былі даражэйшыя, від у іх быў такі, што нават не тое што есці, на аналіз аддаваць іх было сорамна. Але шкада было набываць добрыя грыбы, якія потым нарэжуць і выкінуць, бо здадзеныя на аналіз грыбы не вяртаюць.
Ветэрынарна-санітарная лабараторыя №4, якая абслугоўвае Камароўскі рынак, знаходзіцца побач, уваход у яе праз крыты павільён. Там невялікі пакой, сцены пакрытыя бліскучай белай пліткай. Акрамя грыбоў, тут прымаюць яшчэ ягады, каўбасы і яйкі.
Маленькае вакно, праз якое перадаеш пакеты або вядзерцы з грыбамі. Цётачкі грубаватыя, але шчырыя. Шмат хто прыходзіць праверыць грыбы, але ў іх аказваецца невялікая колькасць грыбоў, такіх адпраўляюць ні з чым. Але, шчыра кажучы, здаваць на аналіз цэлы літр грыбоў — гэта зашмат. Але, як патлумачылі ў лабараторыі, калі кантэйнер цалкам не запоўнены, то паказчыкі будуць бессэнсоўныя.
У суседнім вакне каса, дзе аплочваеш паслугу. Каштуе 3 рублі 75 капеек за аналіз. Вынікі будуць хвілін праз 20-30, у залежнасці ад таго, колькі перад вамі людзей.
Пасля гэтага вам выдаюць пратакол, дзе будуць пазначаныя вынікі аналізу.
На гэты раз мне пашанцавала, і абодва аналізы былі ў межах нормы. Лісічкі вогуле чыстыя. Менш за 10 Бк\кг (Бекерэляў на кілаграм) пры норме ў 370.
Трэба ведаць, што розныя грыбы па рознаму накопліваюць радыенукліды. З-за гэтага яны падзяляюцца на 4 групы:
1. Слаба назапашваюць (апенькі, шампіньёны),
2. Сярэдне назапашваюць (сыраежкі, падбярозавікі, лісічкі, белыя грыбы, падасінавікі),
3. Моцна назапашваюць (грузды, рыжыкі, ваўнянкі, зялёнкі),
4. Акумулятары (польскія грыбы, маслякі, махавікі).
Апошнія дзве групы раяць увогуле не збіраць, бо часцей за ўсё яны з перавышэннем.
Інструкцыя
Як праверыць грыбы на радыенукліды:
1. Грыбы трэба прывезці ў лабараторыю. Патрэбны аб'ём грыбоў трэба высвятляць у кожнай лабараторыі асобна, але часцей за ўсё гэта не менш за 1 літр. Пры сабе трэба мець пашпарт, бо з вамі будуць заключаць дагавор.
2. Лабараторыі ёсць на рынках, у абластных, раённых і гарадскіх цэнтрах гігіены і эпідэміялогіі, у лясгасах у якіх ёсць тэрыторыі з забруджваннем, а таксама на прадпрыемстве "Беллесахова".
3. Аналіз займае каля 20-30 хвілін. Тыя грыбы, якія вы здалі на аналіз, не вяртаюць.
4. У цэнтрах эпідэміялогіі і лясгасах гэтая паслуга бясплатная. На рынках прыйдзецца заплаціць каля 4 рублёў за аналіз.