Як у Літве з'явілася апазіцыя РПЦ

Укрыжаванне ў прыходзе праваслаўнай царквы Канстанцінопальскага патрыярхату ў Вільні

Укрыжаванне ў прыходзе праваслаўнай царквы Канстанцінопальскага патрыярхату ў Вільні / Новая газета. Балтия

Пасля нападу Расіі на Украіну пяць літоўскіх праваслаўных святароў выступілі супраць вайны. Мясцовая епархія спрабавала іх наставіць на розум, але ў выніку абвясціла "раскольнікамі" і пазбавіла сану. Але галасы айцоў загучалі яшчэ гучней і ярчэй. У выніку іх старанні прывялі да стварэння альтэрнатыўнай царквы, у якой служаць і бацюшкі, што ўцяклі з Беларусі.

Да чаго прывёў скандал у адным з самых кансерватыўных інстытутаў грамадства, разбіралася “Новая газета. Балтыя”.

"Хто можа загарадзіць мне вусны?" Чаму ўзнік канфлікт унутры праваслаўнай царквы

 

Адзін з пяцярых святароў, які не пагадзіўся з афіцыйнай, а дэ-факта — праваеннай пазіцыяй РПЦ,Уладзімір Сяляўка. Ён задаецца рытарычным пытаннем: "Хто можа загарадзіць мне вусны? Выказвацца супраць вайны — гэта маё грамадзянскае права, і няма такога царкоўнага канона, які б забараніў мне гаварыць. Я з самых першых дзён аднаўлення незалежнасці Літвы зрабіўся яе грамадзянінам, шчаслівы гэтаму і далей буду адстойваць сваё права на свабоду слова".

Айцец Уладзімір усё жыццё вывучаў і працягвае вывучаць багаслоўе. Ён літаральна вырас у царкве, зрабіцца святаром марыў з дзяцінства. 

Аднак праз 27 гадоў служэння ў царкве праваслаўны бацюшка зразумеў, што больш не бачыць сябе ў структуры РПЦ. Кажа, што гэта звязана з вайной ва Украіне — адкрытай падтрымкай так званай "СВА" патрыярхам Кірылам, маўчаннем літоўскіх біскупаў і шматаблічнай спробай растлумачыць, што мы, маўляў, у палітыку не ўмешваемся.

Как в Литве появилась оппозиция РПЦ
Айцец Уладзімір Сяляўка / Новая газета. Балтия

— У першыя тыдні ваенных дзеянняў паўстала напружанне ў свецкім грамадстве Літвы, якое не разумела, чаму маўчыць праваслаўная іерархія, — нагадвае пра развіццё падзей Уладзімір Сяляўка. — Калі прытрымлівацца ранейшай тактыкі было ўжо немагчыма, у сакавіку 2022 года склікалі сход духавенства, на якім мітрапаліт Віленскі і Літоўскі Інакенцій прадставіў сваё бачанне. З майго гледзішча, гэта спроба ўседзець на двух крэслах.

Найбольш рашуча настроеныя святары выказалі нязгоду з мясцовай епархіяй і РПЦ. Адзін з прынцыповых айцоў — Віталіс Даўпарас — прыняў рашэнне пайсці са служэння. Другі — Гінтарас Сунгайла — гатовы быў працягнуць службу, але адмаўляўся згадваць патрыярха Кірыла.

— РПЦ не задавальняла, што мы адкрыта крытыкуем патрыярха, — падкрэслівае Уладзімір Сяляўка, які не адмаўляўся згадваць Кірыла, а маліўся за яго як за таго, хто ўпаў у сур'ёзны зман. Падобнай пазіцыі прытрымліваліся і двое іншых святароў — канцлер епархіі Віталіюс Моцкус і клайпедскі клірык Георгій Ананьеў.

Суразмоўцы "Новай газеты. Балтыя" назвалі гэта канфліктам паміж дзвюма групамі святароў, які паступова нарастаў і абвастрыўся ў 2022 годзе з пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне.

— Праваслаўная царква ў Літве акумулявала людзей, якія асацыявалі сябе з Расіяй, — заўважае беларускі святар Аляксандр Кухта, які жыве ў Вільні з 2022 года. — Гэта невялікая і даволі закрытая група, у якой прытрымліваюцца поглядаў, адрозных ад меркавання большай часткі літоўскага грамадства. У гэты час пяцёрка святароў выступіла з ясным і канкрэтным мэсыджам: мы супраць вайны і выступаем за галоўны хрысціянскі наратыў, які палягае ў ненасіллі. У гэты момант розніца паміж літоўскімі і расійскімі святарамі зрабілася занадта прыкметнай.

Ён лічыць, што калі святар не можа актуалізаваць евангельскую казань, каментуючы цяперашнія падзеі, то ён не зразумеў хрысціянства.

— Як рэагуе расійская царква ў Літве на вайну ва Украіне — гэта ганьба. Што ўжо казаць пра Расію, дзе РПЦ ператварылася ў элемент ідэалагічнай барацьбы, — не хавае абурэння Аляксандр Кухта.

Как в Литве появилась оппозиция РПЦ

На думку яшчэ аднаго беларускага святара Аляксандра Шрамко (ён таксама апошнія гады жыве ў Літве), балтыйская краіна доўгі час не бачыла твару сапраўднага праваслаўя. Царква арыентавалася на рускамоўную частку насельніцтва і ўвесь час азіралася на Маскву. Раней гэта было не так відаць, бо вырашальныя пасады займалі праеўрапейскія іерархі. На іх фоне супярэчнасці не здаваліся значнымі. Мітрапаліт Віленскі і Літоўскі Інакенцій выглядаў досыць сучасна і ствараў уражанне, што праводзіць тую ж лінію. Але вайна ва Украіне агаліла ідэалагічнае супрацьстаянне, і структура Маскоўскай патрыярхіі паўстала ў праўдзівым святле.

 

Пазбаўленне сану — усё роўна што пажыццёвае зняволенне

 

Пяцёрку нязгодных спрабавалі ўтаймаваць. Спачатку негалосна, а потым ужо адкрыта заклікалі не ўносіць смуты — гэта значыць, скарыцца і пайсці на здзелку з сумленнем. Але неўзабаве развіццё канфлікту атрымала новы віток. Віталіса Даўпараса і Гінтараса Сангайлу выклікалі ў епархію, заявілі, што чакалі пакаяння, а паколькі гэтага не здарылася, то іх прашэнне аб палічэнні за штат задаволенае. Ім таксама былі выказаныя пагрозы больш суровых мераў. За дзень да таго у адстаўку адправілі канцлера Віталіюса Моцкуса. У грамадстве паднялася хваля абурэння: дзеянні праваслаўнай царквы былі ўспрынятыя як цэнзура, помста за пазіцыю і патуранне ваеннай агрэсіі.

— Напярэдадні я сказаў айцам, што іх выганяць, і як толькі гэта адбудзецца, я пайду разам з імі ў знак салідарнасці, — кажа Уладзімір Сяляўка. — Так і здарылася. Я падаў прашэнне за штат у той жа дзень, 15 красавіка, аднак спярша мне нічога не падпісалі, нават спрабавалі пераканаць змяніць пазіцыю.

А неўзабаве, 10 траўня 2022 года, былі выдадзеныя ўказы аб звальненні ўсіх "аблудных" святароў за штат і аб забароне ў святарстве з папярэджаннем, што калі яны не перастануць выказвацца пра вайну, то іх пазбавяць сану.

— Калі прыйшло разуменне, што мы не супакоімся і застанёмся на сваёй пазіцыі, нас выклікалі ў царкоўны суд. Гэта было зроблена з парушэннем усіх працэсуальных канонаў: нам не выставілі віну, не далі часу на разважанні, старшынём суда быў наш непасрэдны начальнік, — пералічвае парушэнні айцец Уладзімір. — Ніхто з нас, вядома, на гэты працэс не з'явіўся, бо інакш гэта было б непавагай да саміх сябе.

Прысуд, параўноўваюць святары, нагадваў рашэнне ў духу "тройкі НКУС". Па сутнасці, іх забаранілі ў служэнні да канца дзён, а калі казаць свецкай мовай — прызначылі пажыццёвае зняволенне.

У адзін момант пяцёра святароў апынуліся на вуліцы. Гэта стала няпростым выпрабаваннем для людзей, якія ўсё жыццё былі звязаныя з царквой. А ў спіну несліся неабгрунтаваныя абвінавачанні, асуджэнне прыхаджанаў, абяцанні, што "яны яшчэ пашкадуюць".

— Было страшна за будучыню, але і маўчаць я не мог, — прызнаецца Уладзімір Сяляўка. — Давялося прадаць дом, бо я больш не мог аплачваць крэдыт. Многія ад нас адвярнуліся, у тым ліку родныя людзі — брат, дзядзька. Спрабавалі нават настроіць супраць мяне маму. Дзякуй Богу, не выйшла. У той жа час я атрымаў падтрымку ад жонкі, дзяцей, зяця, а таксама ад субратоў па царкве.

Выгнання пяцёркі, зрэшты, для РПЦ было мала. Епархія спрабавала ўгаворваць святароў праз адкрытыя звароты, наўпрост згадваючы імёны "аблудных". Нейкі час на дошках аб'яў у храмах віселі заклікі да іх, а саміх іх называлі раскольнікамі.

Как в Литве появилась оппозиция РПЦ
Айцец Аляксанр Кухта / Новая газета. Балтия

— Руская царкоўная прапаганда выкарыстоўвае менавіта такі тэрмін, але гэта ні ў якім разе не раскол, — з такой ацэнкай катэгарычна не згодны Аляксандр Кухта. — Пад расколам я разумею адыход групы святароў, якія вырашаюць заснаваць новую царкву, якая нікім не прызнаная. Але ў гэтым выпадку адбылося выгнанне святароў за антываенны вокліч.

Аляксандр Шрамко нагадвае: раней ніякіх патрыярхатаў зусім не было, і гэта задавальняла хрысціянскі свет. "Наяўнасць вялікіх рэлігійных утварэнняў — гэта рэлікт, які павінен адысці ў мінулае. Мы жывём у свецкім грамадстве, у плюралістычным свеце. Светапогляды — розныя, рэлігіі таксама павінны быць рознымі", — кажа ён.
 

 

Вяртанне да гісторыі: у Літву прыйшоў Канстанцінопальскі патрыярхат

 

На гэтым месцы магла б быць пастаўленая кропка. Але пяцёра святароў з дзеяннямі РПЦ не пагадзіліся. Яны падалі апеляцыю Усяленскаму патрыярху, які знаходзіцца ў Канстанцінопалі. У гэтым пытанні ім пасадзейнічаў урад Літвы. Цягам года камісія вывучала выпадак і прыйшла да высновы: літоўскія святары зазналі забарону з палітычных матываў, а не з кананічных. Адпаведна, ім мусілі аднавіць сан.

Гэта была гучная перамога і гучная аплявуха для РПЦ, якая, зразумела, аспрэчвае легітымнасць гэтага працэсу і працягвае вінаваціць пяцёрку ў расколе.

— Гэтая маніпуляцыя не дае адбыцца нармальнаму дыялогу, — мяркуе Аляксандр Кухта. — Яшчэ адна спекуляцыя РПЦ тычылася таго, што Канстанцінопаль, прыйшоўшы сюды, нібыта сілай адбярэ ўсе храмы і выганіць вернікаў на вуліцу. Відавочна, гэта не так. Будучы біскуп (ім будзе Юстынус Ківілоа — заўв.) наўпрост абверг гэта. На яго думку, гэта толькі пагоршыць канфлікт, а ён не хоча далейшай эскалацыі.

Нягледзячы на супрацьдзеянне РПЦ і мясцовай епархіі, у Літве адбылося станаўленне альтэрнатыўнай праваслаўнай царквы: яна афіцыйна заснаваная і зарэгістраваная як традыцыйная канфесія. У Вільню прыязджаў Усяленскі патрыярх, прадэманстраваўшы падтрымку святароў, якія сутыкнуліся з выгнаннем за погляды. Была падпісаная ўгода з урадам аб узаемадзеянні і абвешчана аб заснаванні прадстаўніцтва Канстанцінопальскага патрыярхату — экзархату.

— Гэта вяртанне да легендарнай гісторыі — на спрадвечныя землі вярнулася кананічная царква, — лічыць Аляксандр Кухта. — Рэч у тым, што тэрыторыі сучаснай Літвы, Беларусі, Украіны, часткова Латвіі і Расіі (Бранская і Смаленская вобласці) першапачаткова былі пад Канстанцінопальскім патрыярхатам, пакуль сюды з войскамі не прыйшла Руская праваслаўная царква. Цяпер жа з'явіўся зручны момант, калі супала шмат інтарэсаў, у тым ліку жаданне ўрада атрымаць кананічную альтэрнатыву праваслаўю, каб не аддаваць усіх вернікаў гэтай канфесіі на водкуп расійскай прапагандзе.

Аляксандр Шрамко, зрэшты, не лічыць правільным апеляваць выключна да гісторыі: “Свет моцна змяніўся, і зварот да мінулага — старажытны рэлікт. Вядома, Канстанцінопальскі патрыярхат вымушаны быў звярнуцца да гэтага аргумента. Але калі б не існавала такога факта, тады што? Трэба ўлічваць патрэбы цяперашняга часу".

Незадаволенасць РПЦ можна зразумець. Яна імкліва губляе свой уплыў. Яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны гэта адбылося ва Украіне. Цяпер — у Літве.

— Калі патрыярх Кірыл прыйшоў, то ён падкрэсліваў, што РПЦ — не царква расійскай дзяржавы, — расказвае Аляксандр Шрамко. — Яна, маўляў, па-за межамі і мае прыхільнікаў у розных краінах. Але паступова ўсё звялося да таго, што цяпер няма нават фармальнага дыстанцыявання ад ідэалагічных вежаў Крамля. РПЦ моліцца за перамогу Расіі, якая ваюе супраць праваслаўнай краіны. Апошнія наказы Маскоўскай патрыярхіі нехта называе ерассю. Я ж лічу гэта заменай рэлігіі.

У будучыні, перакананыя суразмоўцы "Новай газеты. Балтыя", РПЦ будзе ўспрымацца выключна як інстытут урада Расіі. Гэта можа прывесці да таго, што ў свеце яе перастануць прызнаваць як праваслаўную царкву.
 

 

"Беларусаў і іх траўмы лепш ніхто не зразумее, чым іншы беларус"

 

Цяпер Уладзімір Сяляўка служыць у музеі былой Лукішскай турмы Вільні, дзе яму дазволілі прапаведаваць без дамоваў, з добрай волі. Падобная сітуацыя — у іншых рэгіёнах Літвы. Абшчыны збіраюцца ў каталіцкіх, лютэранскіх і рэфармацкіх храмах, капліцах, сацыяльных цэнтрах Каўнаса, Шаўляя, Клайпеды, Таўраге.

— Людзей пакуль мала. Але да нас накіроўваюцца матываваныя прыхаджане — інтэлігентныя, якія чытаюць, здольныя аддзяліць рэлігію ад ідэалогіі, — робіць акцэнт айцец Уладзімір.

Ён з відавочным натхненнем расказвае, што цяпер вырашаецца пытанне аб стварэнні фонду, які пачне збор сродкаў на будаўніцтва храма: “Нам патрэбныя духоўныя цэнтры, вакол якіх будуць збірацца людзі. Нас чакае вялікая праца".

Как в Литве появилась оппозиция РПЦ
Калядная слубжа ў Беларускай праваслаўнай парафіі ў Вільні / архіў Аляксандра Кухты

Паводле звестак настаяцеляў, да пандэміі цэрквы РПЦ у Літве з рознай рэгулярнасцю (нехта — штотыдзень, нехта — раз на месяц, нехта — на вялікія святы) наведвалі каля трох тысяч чалавек. У асноўным гэта рускамоўныя літоўцы.

— Вядома, уплыў новай царквы пакуль слабы, — не хавае Аляксандр Шрамко. — Царква трымаецца на актывістах і воблаку людзей, далучаных да рэлігіі. Яно ўцягвае новых вернікаў. Звычайна гэтае воблака фармуецца вакол фізічнага месца, то-бок храма.

Важнай часткай прыхода зрабіліся эмігранты новай хвалі — украінцы, беларусы, расіяне. Са зразумелых прычын многія з іх прынцыпова не наведваюць службаў РПЦ.

У структуры новага экзархату (Канстанцінопальскага патрыярхату) з'явіўся прыход, у якім служаць на беларускай мове. Ён знаходзіцца на вуліцы Бокшту ў Вільні. Плошчу арандуюць паводле камерцыйных ставак у горада. Настаяцель — Георгій Рой, другі святар — Аляксандр Кухта. Апошні тлумачыць, чым важны такі прыход:

— Беларусаў і іх траўмы лепш ніхто не зразумее, чым іншы беларус. Тое ж тычыцца і Украіны. На звычайную службу прыходзяць 40-45 чалавек. На Каляды было больш за 150. Думаем арандаваць большае памяшканне.

Айцец Аляксандр бачыць сваю місію ў тым, каб досвед Літвы распаўсюдзіўся ў будучыні і ў Беларусі. Каб там таксама з'явілася альтэрнатыва Рускай праваслаўнай царкве, якая ўсё больш нагадвае прапагандысцкі апарат Крамля. Як паказваюць апошнія падзеі ў краінах Балтыі, гэта цалкам імаверны сцэнар.

Праваслаўная царква ў Літве прадстаўленая Віленска-Літоўскай епархіяй Маскоўскага патрыярхату. Яна налічвае прыкладна 105 тысяч вернікаў, у асноўным гэта прадстаўнікі рускамоўнай меншасці.

Матэрыял створаны пры падтрымцы "Медыясеткі"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі