Як выбары паўплывалі на псіхіку беларусаў?

Дзеянні ўладаў паспрыялі яднанню людзей, мяркуе псіхолаг Вольга Андрэева. На яе думку, цяпер такое сумеснае перажыванне дае беларусам надзею на перамены. Больш няма адчування тупіка і безвыходнасці.
Еўрарадыё: Як выбары паўплывалі на псіхіку беларусаў і якія эмоцыі мы цяпер перажываем з псіхалагічнага пункту гледжання?

Вольга Андрэева:
Беларусы перажываюць розныя эмоцыі. Камусьці абсалютна ўсё адно, што адбываецца. Нейкая частка насельніцтва баіцца пераменаў… Але для нейкай часткі насельніцтва сітуацыя сапраўды памянялася – людзі пакінулі пазіцыю абыякавасці, яны ўжо не могуць заставацца абыякавымі.

Чым больш мы будзем змагацца за сваю свабоду і самапавагу, тым больш псіхічна гарманічнымі і здаровымі будуць людзі.

Розныя людзі, якія не чакалі такіх вынікаў, кажуць, што цяпер перажываюць гора. Псіхолагі называюць 4 стадыі перажывання гора: адмаўленне, калі чалавек не хоча верыць у тое, што адбылося, злосць, торг і прыняцце сітуацыі такой, якая яна ёсць, і сум з гэтай нагоды. На якой з чатырох стадый цяпер знаходзяцца беларусы, якія не прынялі вынікі выбараў?


Калі шчыра, я не схільная разглядаць гэту сітуацыю праз такія стадыі. Беларусы перажываюць розныя эмоцыі – у кагосьці шмат гневу і адмаўлення, хтосьці спрабуе таргавацца… Для мяне, напрыклад, спробай торгу з’яўляецца ліст нашай вельмі паважанай пісьменніцы Святланы Алексіевіч. Яна прапанавала ўладзе размаўляць з тымі, хто ёй не цікавы. “А давайце пагаварыце з намі… Як мы будзем сустракаць Каляды – вы і мы?”

Але ўсё ж такі тое, што адбылося, наўрад ці трэба лічыць горам. Ілюзіі былі толькі ў часткі насельніцтва. Наўрад ці было магчыма чакаць нейкай міласці ці паблажкі, ведаючы асаблівасці людзей, якія прымаюць рашэнні.

У адным з вашых інтэрв’ю вы адзначылі, што беларусы, якія чакалі пераменаў, у сваёй большасці перажываюць злосць? Якім чынам?

Злосць можа выражацца па-рознаму. Спыніць грамадскі транспарт ці не выйсці на працу – гэта ўжо вельмі радыкальны пратэст. Спроба выйсці на вуліцу была, і людзі ведаюць, як яны будуць за гэта плаціць.

Але гэта не значыць, што людзі пагодзяцца з тым, што адбываецца. Людзі проста адчуваюць гнеў. Вярнуць іх назад у добры стан ужо немагчыма. Злосць выражаецца ў тым, што сёння большая колькасць людзей гатовая гаварыць не толькі на кухні, але і з суседзямі, са знаёмымі… Людзі ўжо менш баяцца выражаць свой гнеў. Прачнуліся некаторыя, каму было ўсё роўна.

Цяпер сітуацыя такая, што давядзецца зрабіць выбар на чыім ты баку. Сёння застацца ні там і ні там нашмат цяжэй. На працягу шмат гадоў значная частка насельніцтва жыла з адчуваннем бесперспектыўнасці. Цяпер такое сумеснае перажыванне дае людзям надзею на перамены. Больш няма адчування тупіка і безвыходнасці.

Ёсць людзі і “па іншы бок барыкад”. Яны сапраўды па-іншаму бачаць сітуацыю?

Маніпуляваць свядомасцю людзей досыць проста. Калі ўлічыць, што значная частка насельніцтва Беларусі ні разу не выязджала за межы краіны, то ім можна расказваць што заўгодна.

Другі момант. У чалавека павінна быць пэўная карцінка рэальнасці, і яна не павінна быць супярэчлівай. І калі чалавек ідзе на службу рэжыму, то для таго, каб унутры не было моцнага канфлікту ён фільтруе інфармацыю – выбірае тое, што адпавядае яго дзейнасці і ігнаруе тое, што супярэчыць. Гэта нармальная работа чалавечай псіхікі па абароне самой сябе.

Але сфармаваць рэальнасць такім чынам атрымліваецца не заўсёды – супярэчнасці кідаюцца ў вочы. А чалавек – сацыяльны, ён залежыць ад меркавання іншых людзей.

Рэжым рэпрэсіўнымі мерамі паспрыяў аб’яднанню людзей. Беларусы былі вельмі моцна раз’яднаныя, а гэта падштурхнула да аб’яднання, да фармавання новай салідарнасці.

Так, частка людзей аб’ядналася… Але ці не раз’яднала гэта сітуацыя беларусаў у цэлым? Мы не падзяліліся на “белых” і “чырвоных”? Ці не раскалолася яшчэ больш грамадства?

Мы ж не ў стане грамадзянскай вайны. Калі я гутару з жанчынай, якая баіцца пераменаў, то мы з ёй усё роўна размаўляем, нават пра тое, у чым нашы погляды не супадаюць. Я не стаю ў адносінах да яе ў высакамернай позе. Яна мне выказвае свае сумневы, а я тлумачу, што калі яна супраць пераменаў, то яна перакрывае кісларод сваім унучкам, пазбаўляе іх шансаў жыць на годны заробак...

Я усё роўна думаю, што ў нас ёсць глеба для дыялогу. Але тое, што расколатая ўладная “верхавіна” і ўвесь астатні народ – гэта відавочна. Гэта верхавіна не падтрымліваецца і сусветнай супольнасцю, у яе няма базы, на якую можна абаперціся.

Грамадства знаходзіцца на цікавым этапе, штосьці выспявае. І нават калі сёння нічога не зменіцца, людзі ўнутры сябе змяняюцца, у іх з’яўляецца больш годнасці. Іх сапраўды трэба было так моцна зняважыць, каб іх здольнасць цярпець была вычарпаная.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі