Якія нярынкавыя метады меў на ўвазе Лукашэнка?
У эканамічным блоку паслання Аляксандра Лукашэнкі да народа і Нацыянальнага сходу прагучала вельмі няшмат лічбаў. $100 млрд валавага ўнутранага прадукта да 2025 года не ўлічваем, бо гэта лічба з галіны фантастыкі. Але нават разважаючы пра заробкі, кіраўнік краіны не назваў звыклых $500 ці 1000 рублёў.
Адна з нешматлікіх лічбаў, якія такі прагучалі — заданне па інфляцыі. Вось як гэта было:
“Міністэрству гандлю, а канкрэтна міністру. Я ўжо казаў. Кантралюйце, увесь час адсочвайце змены коштаў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Хочаце рынкавымі спосабамі — хочаце іншымі. Але мэта вядомая — не больш за 5-6% за год. Па інфляцыі”.
Што гэта значыць: хочаце рынкавымі спосабамі — хочаце іншымі? Гэта значыць, ліцэнзія на забойства рынкавай эканомікі? Тлумачыць старшы аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іосуб:
“Гэтая кароткая фраза кіраўніка дзяржавы нясе ў сябе некалькі глыбокіх сэнсаў. Тут з наскоку можна было б сказаць, што рынкавыя метады — добра, а не рынкавыя — не. Але. Рынкавыя метады добра працуюць у рынкавай эканоміцы. Там не трэба даваць ніякіх даручэнняў ні Міністэрству гандлю, ні іншым міністэртсвам. Там ёсць Цэнтральны банк (ці, у нашым выпадку, Нацбанк), які рэгулюе, колькі грошай друкаваць і якую стаўку рэфінансавання трымаць. Пры правільнай манетарнай палітыцы можна атрымаць неабходную інфляцыю.
Але наша праблема ў тым, што беларуская эканоміка, мягка кажучы, не зусім рынкавая. Шмат у якіх галінах мы маем справу з манапалістамі. І калі нейкі манапаліст вырашыць падвысіць кошты, дык што б Нацбанк ні рабіў з грашовай масай, са стаўкай рэфінансавання — рашэнне манапаліста будзе негатыўна ўплываць на кошты. Таму хочацца спадзвацца, што пад нярынкавымі метадамі маюцца на ўвазе абмежаванні манапалістаў, а не простая забарона на падвышэнне коштаў. Дастаткова прыгадаць недалёкае мінулае, калі кошты ў нас рэгуляваліся нярынкавымі метадамі. Пры гэтым Беларусь была лідарам па інфляцыі ў рэгіёне, а часам і ў свеце".
Еўрарадыё: Але асноўны манапаліст у Беларусі — гэта дзяржава. Ці можна пад нярынкавымі метадамі разумець загад зніжаць кошты, каб утрымаць інфляцыю?
Вадзім Іосуб: "Проста казаць, што дзяржава ў нас — манапаліст, гэта спрашчэнне. Акрамя гэтай дзяржаўнай манаполіі працуюць манаполіі на феадальным узроўні, калі на ўзроўні абласцей ці раёнаў забараняюць завозіць прадукцыю з іншых абласцей ці раёнаў, каб даць прэферэнцыі свайму, тутэйшаму вытворцы. І гэта ніяк не спрыяе ні канкурэнцыі, ні зніжэнню коштаў".
Нацбанк Беларусі лічыць таргетаванне інфляцыі на ўзроўні 5% асноўнай сваёй мэтай у 2018 годзе. Але гэта не значыць, што кошты, напрыклад, на цукар, малако ці на яйкі за год не ўзнімуцца вышэй за 5%. Інфляцыя адлюстроўвае сярэдні ўзровень коштаў — праз тое, што візіт у салон прыгажосці патаннеў, яна можа ўтрымацца на ранейшым узроўні, калі прадукты ў гастраноме падаражэлі.