Міністр транспарту грамадскім транспартам не карыстаецца
Еўрарадыё даведалася, ці карыстаюцца беларускія чыноўнікі міністэрскім вопытам у жыцці.
Міністр транспарту Анатоль Сівак прызнае, што не мае праязнога білета і не карыстаўся валідатарам. На грамадскім транспарце Анатоль Сівак ездзіў… паўгода таму, і тое па службовых справах.
“Гэта было 7 лістапада, я ехаў з Ратамкі ў цэнтр, здаецца, на гарадской электрычцы і разам з кантралёрамі глядзеў, як людзі аплачваюць праезд, як абражаюць кантралёраў, паводзяць сябе не заўсёды карэктна”. Міністр абяцае Еўрарадыё звярнуць увагу на тое, што квіткі на прыпынках у Мінску цяжка набыць, а карыстацца штораз праязным не вельмі зручна.
Еўрарадыё вырашыла пацікавіцца і ў міністраў, ці карыстаюцца яны міністэрскім вопытам у жыцці.
Міністр фінансаў Уладзімір Амарын захоўвае грошы ў… беларускіх рублях.
“Грошы яму прыходзяць на заробкавую картку “Беларусбанка”, — кажа Еўрарадыё прэс-сакратар ведамства Ірына Комар. — Але гэтая картка адначасова з'яўляецца назапашвальнай. Стаўку па працэнтах не ведаю”.
У “Беларусбанку” даведваемся, што стаўка па такой зберагальнай карце складае ў залежнасці ад сумы на картцы ад 20 да 29%.
Краіна збірае беларуска-кітайскае аўто “Джылі”. А вось ці ездзіць на зорцы айчыннага аўтапрама міністр прамысловасці Уладзімір Воўк?
“На Аўдзі А8, — удакладняе сакратарка міністра і нават звяраецца з нейкімі дакументамі на камп’ютары. — Даўно ўжо машына, мо гадоў пяць, нам яна яшчэ ад мінулага міністра засталася”.
Чаму міністр не ездзіць на аўтамабілі, якое збіраюць у Беларусі?
“І сапраўды, цікавае пытанне! — па інтанацыі незразумела, ці іранізуе сакратар. — Але хто нам яе дасць? Ну і што, што гэта нашае прадпрыемства? Нас жа абслугоўвае гараж прэзідэнта”.
Ад прэс-сакратара Мінгандлю даведваемся, што ў міністра Валянціна Чаканава ёсць беларускія рэчы. Гэтае ведамства ў снежні закрывала крамы, бо не было беларускіх тэлевізараў, айчыннай пліткі ці прасаў.
“Але дакладныя маркі я не скажу”, — губляецца Алена Маліноўская, прэс-сакратар міністэрства.
А вось ці ёсць у міністра сельскай гаспадаркі Леаніда Зайца дача, даведацца ўсёмагутнаму Еўрарадыё не ўдалося. Сакратар у прыёмным пакоі асабістыя сакрэты міністра сельскай гаспадаркі не выдае: “У нас пасяўная! Трактары няма чым запраўляць, а вы пра дачы!”.