Ярабік: Крэмль хоча спыніць фінансаванне Беларусі, а не анексаваць яе
Заявы, што ў выніку “паглыблення інтэграцыі” з Расіяй Беларусь страціць сваю незалежнасць, не маюць пад сабой ніякіх падстаў. У Крамля няма планаў анексаваць Беларусь. Усё, што зараз адбываецца паміж Масквой і Мінскам, не больш чым жаданне расійскага боку перапыніць фінансавую падтрумку Беларусі. Такое меркаванне ў жывым эфіры Еўрарадыё выказвае эксперт Фонду Карнегі Балаш Ярабік.
Ярабік: “Расія не мае намеру анексаваць Беларусь. Яны проста, і ўжо не першы раз, мяняюць падыход да Беларусі. Я лічу, што мэта сённяшняга падыходу — плаціць менш Беларусі. Расія больш не хоча працягваць выдаваць Беларусі субсідыі праз нафту і газ. Такое ўжо было — у 2006 годзе. Таму тут нічога новага. Новае толькі тое, што зараз расійскі бок карыстаецца тэрмінам “інтэграцыя ў межах Саюзнай дзяржавы”. І заявы з Масквы гучаць так: “Спачатку інтэграцыя, а потым грошы!” Робяць яны так таму, што ў Маскве выдатна разумеюць: Беларусь інтэгравацца не хоча. А значыцца, і грошай ніякіх не будзе. Я лічу, што гэта ўсё робіцца ў межах падрыхтоўкі Расіі да наступнага глабальнага эканамічнага крызісу, які, на думку многіх экспертаў, непазбежны”.
Такая падрыхтоўка ў Расіі да эканамічнага крызісу пачалася, кажа суразмоўнік Еўрарадыё, некалькі гадоў таму. Зараз у Расіі пры ўладзе “фіскальныя кансерватары”, якія паставілі краіну ў рэжым эканоміі. А анексія Беларусі для такога рэжыму не патрэбная, бо цягне за сабой толькі яшчэ большыя страты — яны стануць вынікам новых заходніх санкцый супраць Расіі, калі такая анексія адбудзецца, перакананы Ярабік.