Яраслаў Раманчук: Слова на літару "Д" ужо прагучала
Эканаміст называе Нацбанк асноўным генератарам дэвальвацыі, а абмежаванне пакупкі валюты параўноўвае з талонамі на харчаванне.
Вялікі артыкул пра дэвальвацыю напісаў у сваім блогу эканаміст Яраслаў Раманчук. Еўрарадыё вырашыла пацікавіцца ў эксперта, ці варта чакаць хуткай дэвальвацыі.
Раманчук: "Першы тэзіс: дэвальвацыя ў Беларусі — гэта палітычная і псіхалагічная з'ява, а не столькі эканамічная. Другі тэзіс: безумоўна, фінансавых і эканамічных падставаў да дэвальвацыі шмат. І лічбы, якія мы атрымліваем ад Нацыянальнага банку, іх пацвердзіў Міжнародны валютны фонд. Кудрын таксама сказаў, што Беларусь можа зрабіць нейкія захады, каб уратаваць сябе ад дэфолту, але слова на "Д" прагучала. І апошняе: улады проста пярэчаць усяму замест таго, каб зрабіць прафесійны дыялог з незалежнымі экспертамі, з міжнароднай супольнасцю, каб проста сказаць, што мы вось такія ўстойлівыя".
На думку Раманчука, улады самі нагнятаюць атмасферу, а забароны, якія ўводзіць Нацыянальны банк на валютным рынку, ужо даўно лічацца дрэннай палітыкай нават у Расіі. Падставы для дэвальвацыі ёсць, а вось падставаў для панікі няма, сцвярджае эканаміст. Пагатоў, што ўсё залежыць толькі ад аднаго чалавека.
Раманчук: "Рашэнне прымае адзін чалавек — гэта не Пракаповіч, гэта не Мясніковіч. Думаю, калі паўстае пытанне недзе там на якой нарадзе, што рабіць з беларускім рублём, то ёсць з аднаго боку даклад Пракаповіча (Нацыянальнага банку), ёсць даклад Савета міністраў, а ёсць даклады, напрыклад, КДБ, даклады Рады бяспекі. Яны кажуць: "Не-не-не, людзі могуць страціць давер да ўлады. Можа пачацца рэакцыя, што людзі пачнуць забіраць грошы з банкаў. Не трэба гэтага рабіць".
Раманчук запэўнівае, што дзяржаўныя эксперты ведаюць пра няўстойлівасць фінансавай сітуацыі. Аднак яны спадзяюцца, маўляў, што Лукашэнка пераканае Пуціна даць 6 мільярдаў долараў, потым яшчэ 3, і гэта дазволіць пратрымацца наступныя паўгода.
Дзеянні Нацбанка эканаміст ацэньвае вельмі крытычна. Гэтую структуру Раманчук называе "асноўным генератарам дэвальвацыі" і згадвае, што Нцбанк набраў валютных крэдытаў не толькі за мяжой, але і ў беларускіх камерцыйных банках.
Раманчук: "Так што сёння ён штучна зніжае попыт на валюту і пры тым не збіраецца нічога рабіць з рублямі. Ну як бывае на рынку, калі аднаго тавару становіцца значна больш (а гэты тавар — нашы рублі), а іншага тавару менш (гэта валюта)? Безумоўна, павінна змяніцца цана! Цана беларускага рубля павінна быць не такая як сёння, не 3,85—3,100, а значна больш. Я сёння быў на Камароўцы і бачыў, як каля абменнікаў ёсць валютчыкі. І гэта першая прыкмета таго, што сітуацыя на валютным рынку вельмі-вельмі хутка зменіцца".
Абмежаванні на закупку валюты эксперт параўноўвае з талонамі на харчаванне, якія існавалі ў 90-х гадах. Разам з тым ён не бярэцца прадказваць, калі адбудзецца дэвальвацыя і на колькі адсоткаў яна будзе. Раманчук кажа, што на гэта ўплываюць многія фактары.