Ярмошына: На наступных выбарах назіральнікі ўбачаць падлік бюлетэняў, а не спіны
Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына абяцае да наступных выбараў унесці змены ў метадычку для выбарчых камісіяў. У прыватнасці, там будзе пададзеная схема размяшчэння чальцоў выбарчых камісій пры падліку бюлетэняў так, каб гэты працэс маглі бачыць назіральнікі.
Такім чынам кіраўніца ЦВК адказала на самую распаўсюджаную прэтэнзію падчас выбараў.
"У прынцыпе, я думаю што варта зрабіць наступным чынам: трэба падлічваць усе бюлетэні на адным баку стала, не акружаючы стол, як мы гэта бачылі", — заявіла чыноўніца падчас онлайн-інтэрв'ю на партале tut.by.
На яе думку, такая рэкамендацыя задаволіць і назіральнікаў, і чальцоў выбаркамаў.
Нагадаем, што непразрыстасць падліку галасоў адзначаецца не толькі беларускімі назіральнікамі. Назіральнікі АБСЕ назвалі гэтую з'яву як адну з асноўных хібаў беларускіх выбараў.
Фота: belaruspartisan.org