Ярмошына: Статкевіч яшчэ знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі?

Еўрарадыё: Вы сказалі, што прэзідэнцкія выбары 2015 года абыдуцца бюджэту ў 100 мільярдаў рублёў — сапраўды разлічваеце, што гэтых грошай хопіць? Калі параўноўваць з выбарамі 2010 года і браць суму ў доларах, то тады на выбары выдаткавалі 12,5 мільёнаў долараў, а цяпер толькі 9,3 мільёна…

Лідзія Ярмошына: Не хопіць, і таму гэта сума будзе павялічаная.

Еўрарадыё: Гляджу праект бюджэту на наступны год і бачу там лічбу 263 мільярды…

Лідзія Ярмошына: Так і ёсць. Гэта на два туры. А першы тур па нашых падліках будзе каштаваць каля 180 мільярдаў рублёў. Рэч у тым, што я тады на пытанне адказвала, што называецца, экспромтам і назвала суму, якая была патрачаная на мясцовыя выбары ў гэтым годзе.

Еўрарадыё: Але ж 263 мільярды рублёў — гэта амаль 25 мільёнаў долараў. Ці не зашмат?

Лідзія Ярмошына: Не, не зашмат. Мы заўжды стараемся, каб па максімуме было, але выбары звычайна праходзяць у адзін тур і таму, хутчэй за ўсё, фактычна будуць патрачаныя толькі гэтыя 180 мільярдаў. Давайце не забываць, што мясцовыя выбары таксама заўжды ў адзін тур праходзяць і праходзілі. Так што гэта нармальная сума з улікам індэксацыі. І я думаю, што ў параўнанні з суседнімі дзяржавамі, дзе на кожнага выбаршчыка выпадае сума не меншая за 5 долараў, мы можам казаць, што ў нас на кожнага з 7 мільёнаў выбаршчыкаў выпадае, нават калі выбары будуць у два туры, менш за 4 долары.

Еўрарадыё: Але калі глядзець па тым жа 2010 годзе, то вы там нават зэканомілі і скарысталі 8,7 мільёна долараў з 12,5 мільёнаў.

Лідзія Ярмошына: Ну, і тут будзе тое ж самае — эканомія. Мы ж ніколі не ведаем, колькі сродкаў будзе патрачана, дакладна. Колькі будзе створана, да прыкладу, участковых выбарчых камісій: мы прыблізна ўказваем столькі, колькі было, магчыма, іх колькасць зменшыцца. Вось вам і эканомія. Але ў нас не будзе той эканоміі, якая была звязаная з кандыдатамі. А менавіта сродкамі, што выдаткоўваліся на перадвыбарную агітацыю. Зараз нічога выдаткоўвацца кандыдатам не будзе: усё фінансаванне будзе за кошт асабістых сродкаў. Затое ў нас з’яўляюцца выдаткі іншыя: зараз мы павінны вырабіць інфармацыйныя матэрыялы і накіраваць кожнаму выбаршчыку. Але паколькі гэта прэзідэнцкія выбары, то не хацелася б рабіць бляклыя ўлёткі, якія рабіў горад Мінск на мясцовыя выбары, дзе ў двух колерах на дрэннай паперы былі надрукаваныя інфармацыйныя звесткі пра кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў. Калі гэта выбары прэзідэнта, то мы б хацелі, каб інфармацыйны аркуш, які будзе накіраваны кожнаму выбаршчыку, утрымліваў і партрэт кандыдата, і быў выраблены на больш-менш нармальнай паперы. Гэта ж таксама сродкі! Не, зразумела, мы не будзем вырабляць гэтыя матэрыялы ў адпаведнасці з колькасцю выбаршчыкаў — мы будзем рабіць на кватэру. Бо калі ў адной кватэры жыве чатыры выбаршчыкі, то які сэнс туды накіроўваць 4 улёткі — лішняя макулатура. Будзем накіроўваць на кватэру, на дом, на паштовую скрыню. Будуць па горадзе размешчаныя спецыяльныя тумбы з гэтымі інфармацыйнымі матэрыяламі. Агітацыйныя матэрыялы з заклікам галасаваць за пэўнага кандыдата — за яго кошт.

Еўрарадыё: З улікам такой сумы можна было падумаць, што мяркуецца адначасова з выбарамі правесці рэферэндум па змене Канстытуцыі ці па адмене смяротнага пакарання…

Лідзія Ярмошына: Не, нічога такога не плануецца. І, наколькі я ведаю, кіраўнік дзяржавы з’яўляецца праціўнікам сумяшчэння з выбарчымі кампаніямі, па меншай меры з выбарамі прэзідэнта, нейкіх іншых мерапрыемстваў. 

Еўрарадыё: Вы казалі ў інтэрв’ю Еўрарадыё, што грошы на выбары закладаюцца з разлікам на 15 кандыдатаў. Гэта лічба не змянілася?

Лідзія Ярмошына: Цяпер гэта не мае вялікага значэння. Гэта, безумоўна, адаб’ецца на кошце друкаваных матэрыялаў, якія будзе рабіць выбарчая камісія, але паколькі сродкі ўжо не выдаткоўваюцца кандыдатам, то гэта не моцна адаб’ецца на бюджэце выбараў: што іх будзе 10, што іх будзе 15 — бо сродкі ім не будуць выдаткоўвацца.

Еўрарадыё: Апазіцыя спрабавала вылучыць адзінага кандыдата на выбары — як вы ставіцеся да такіх дзеянняў?

Лідзія Ярмошына: Да іх актыўнасці я стаўлюся станоўча, бо гэта ў любым выпадку палітычны працэс. А кожны палітычны працэс, любое ажыўленне вакол тэмы выбараў працуе на карысць выбараў, на цікаўнасць да іх. Але я думаю, што без чужой дапамогі, якая накіроўвае іх волю, у іх наўрад ці што атрымаецца. Хутчэй за ўсё, яшчэ ніяк не выяўленае гэта жаданне звонку, і таму пакуль гэтыя спробы не атрымліваюцца. І, па шчырасці, я супраць адзіных кандыдатаў. Я за тое, каб кандыдатаў было больш. Я супраць радыкалізацыі выбараў, калі ідзе барацьба паміж двума ці трыма кандыдатамі — хай выбары будуць як мага больш рознымі.

Еўрарадыё: У тым жа інтэрв’ю вы казалі, што раней заплюшчвалі вочы на фінансаванне пэўных кандыдатаў з-за мяжы. А што будзе зараз?

Лідзія Ярмошына: Зараз мы будзем ставіцца да гэтага больш прынцыпова. Бо цяпер у нас з’явіліся магчымасці: заканадаўства дае магчымасць для легальнага забеспячэння выбараў — выбарчы фонд. І таму мы будзем правяраць расходы, якія будуць несці каманды.

Еўрарадыё: Ідуць спрэчкі наконт таго, байкатаваць выбары ці здымацца кандыдатам на апошнім этапе выбарчай кампаніі. Як вы ставіцеся да такіх магчымасцяў?

Лідзія Ярмошына: Байкот у нас забаронены законам, і таму ніякай лаяльнасці не можа быць да гэтага: асобы, якія будуць весці агітацыю за байкот, будуць прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасці. Кандыдаты будуць здымацца з рэгістрацыі, калі іх перадвыбарчыя праграмы будуць утрымліваць гэтыя прыкметы. Што да зняцця кандыдатаў, то гэта іх асабістая справа — у нас няма строгіх мер на гэты выпадак. Па законе ў нас толькі ў тым выпадку, калі кандыдат здымаецца без важкіх прычын, ён не зможа балатавацца ў выпадку прызначэння паўторных выбараў і па судзе кампенсуе расходы, якія на яго выдаткавала выбарчая камісія. Але звычайна даказаць неабгрунтаванасць зняцця вельмі складана. Калі толькі сам кандыдат адкрыта не правакуе на гэта выбарчую камісію — не заяўляе паўсюль, што ён зняўся па палітычных падставах. А калі ён робіць гэта матывуючы, да прыкладу, станам здароўя, то гэта ўжо паважлівая прычына.

Еўрарадыё: А як вам падабаецца схема, прапанаваная Аб’яднанай грамадзянскай партыяй: кандыдатам вылучаецца Мікалай Статкевіч, а Анатоль Лябедзька ідзе дублёрам?

Лідзія Ярмошына: Гэта ж схема абсалютна незаконная! Па-першае, у Статкевіча ёсць судзімасць не пагашаная. Ён яшчэ знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі? У вас жа больш свежая інфармацыя! А то хто яго ведае — можа, яго ўжо выпусцілі. Калі знаходзіцца там, то ён не можа балатавацца і мы не можам зарэгістраваць яго ініцыятыўную групу. А ў такім выпадку Лябедзька і будзе асноўным кандыдатам.

Еўрарадыё: Ці будзе нейкім парушэннем, калі кандыдаты падчас выбарчай агітацыі будуць расказваць не пра сябе прыгожых, а патрабаваць вызвалення палітвязняў?

Лідзія Ярмошына: Мы можам ставіцца да гэтага крытычна, але гэта не супярэчыць дзеючаму заканадаўству. Калі выбарчая праграма не ўтрымлівае таго, што забаронена законам, то мы не можам прымусіць яго прамаўляць нейкія перадвыбарчыя абяцанні, нешта абяцаць выбаршчыкам. Лічыцца, што выбаршчыкі самі павінны зрабіць выбар.

Еўрарадыё: Удакладню верагодную дату выбараў…

Лідзія Ярмошына: Канкрэтная дата будзе тады, калі яе прызначыць парламент на сваім пасяджэнні. Але пакуль прапанаваная Цэнтральнай камісіяй дата 15 лістапада ні ў каго не выклікае пярэчанняў. 

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі