Ярмошына: Відавочна, у апазіцыянераў няма грошай на выбары
Старшыня Цэнтрвыбаркама пракаментавала Еўрарадыё рашэнне руха “За Свабоду” і Вольгі Карач адмовіцца ад удзелу ў выбарах.
“Я думаю, што яны адмаўляюцца ад удзелу таму, што яны разумеюць — лепш пляснуць дзвярыма зараз, чым ганебна сысці з самой выбарчай кампаніі… Для таго каб дастойна выглядаць, тлумачачы сваю пазіцыю нейкім палітычным рашэннем, яны цалкам лагічна паступаюць, гэта відаць няўзброеным вокам”, — мяркуе старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. І дадае, што на яе думку, няўдзел шэрагу палітыкаў у выбарах сведчыць аб недахопе сродкаў: “Відавочна, у людзей элементарна няма грошай і гэтыя грошы ім не абяцаюць”.
Старшыня Цэнтрвыбаркама таксама адзначае, што тлумачэнні руха “За Свабоду” аб прычынах няўдзелу ў выбарах не вытрымліваюць крытыкі. Прадстаўнікі руха “За Свабоду” у сваім прэс-рэлізе паведамілі, што лічаць паход на выбары асобнымі калонамі дэзарыентуючым для прыхільнікаў пераменаў. Маўляў, ён паглыбіць апатыю ў грамадстве, а імітацыя ўдзелу ў выбарчым палітычным працэсе з загадзя прадказальным фіналам можа адштурхнуць людзей ад дэмакратычных сілаў. Лідзія Ярмошына называе такую пазіцыю няправільнай:
“Гэта няправільна… Гэта гаворыць аб тым, што у гэтай структуры няма неабходных кадраў, што акрамя Мілінкевіча там нікога няма… я не разумею, чаму рух, які называе сябе дэмакратычным, адмаўляецца ад падтрымкі дэмакратычнага кандыдата. Стан дэмакратычных правоў у краіне за мінулыя гады не пагоршыўся. Магчыма, не палепшыўся таксама, але і не пагоршыўся. Чаму ўдзельнічалі тады, а не ўдзельнічаюць зараз?”.