З 21 кастрычніка па дамах і кватэрах пачынаюць хадзіць перапісчыкі
З 21 кастрычніка па дамах і кватэрах пачынаюць хадзіць перапісчыкі. Яны наведаюць тых беларусаў, якія не перапісаліся праз інтэрнэт і не наведалі стацыянарныя ўчасткі.
Перапіс насельніцтва Беларусі праходзіць з 4 кастрычніка. Як інфармуе Нацыянальны статыстычны камітэт, на раніцу 21 кастрычніка ў ім паўдзельнічалі 4 млн 920 тысяч 800 чалавек. Найбольш у Мінску — больш за мільён грамадзян, у Мінскай вобласці — амаль 922 тысячы, найменш у Магілёўскай вобласці — 463 тысячы чалавек.
На 1 жніўня ў нашай краіне жылі 9 млн 454 тысячы 100 чалавек. Атрымліваецца, што больш за палову беларусаў ужо прайшлі перапіс.
Перапісацца праз інтэрнэт ужо немагчыма. Агулам такім чынам перапіс прайшлі 2 мільёны 24 тысячы чалавек. Найбольш у Мінску — крыху больш за 691 тысячу, найменш у Магілёўскай вобласці — каля 155 тысяч.
Перапіс насельніцтва працягнецца да 30 кастрычніка.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.