З "чырвонага" крана ў мінчукоў цячэ ледзь цёплая вада — што рабіць?

35,5 градуса замест належных 50 (мінімум). Што здарылася? / Еўрарадыё​
35,5 градуса замест належных 50 (мінімум). Што здарылася? / Еўрарадыё​

У адным з дамоў па вуліцы Варанянскага ў Мінску гарачая вада цэлыя выхадныя была зусім не гарачай. Чытач Еўрарадыё даслаў відэа: тэрмометр у змешвальніку замест абавязковых па гігіенічных патрабаваннях 50 градусаў выдае не больш за 36.

— Раней гарачая вада была кругласутачна. З пятніцы пачаў назіраць, што прыкладна з 23:00 пачынаюць зніжаць тэмпературу. Яна падымаецца да 36 градусаў і зноў падае, — расказвае жыхар дома на Варанянскага.

Вырашыць праблему самім у жыхароў не атрымалася. Яны нават западозрылі камунальнікаў у наўмысным памяншэнні тэмпературы вады ў начны час — маўляў, эканомяць на ўсім.

Кожны год жыхары Мінска па два тыдні праводзяць без гарачай вады. У гэты час камунальнікі праводзяць выпрабаванні і рамонт цеплавых сетак. Але праблемы з вадой застаюцца.

У ЖЭУ-1 Кастрычніцкага раёна, да якога належыць дом, сказалі, што яны "ніякія вентылі не круцяць". Праблема ў аварыі.

— Быў збой на цеплавым пункце. Сёння праблему ўжо павінны былі вырашыць. Такое перыядычна бывае, напрыклад праз скачок напружання, — расказвае галоўны інжынер Аляксандр Стрыга.

— Там быў збой у рабоце частотнага пераўтваральніка. Знялі блок, наладзілі. Цяпер усё працуе, — дадае старшы майстар трэцяга раёна Мінсккамунцепласеткі, якая абслугоўвае ўчастак на Варанянскага. — Калі такое здараецца, трэба тэлефанаваць да нас у дыспетчарскую, там павінны прыняць меры.

Нават калі ў вас няма тэрмометра на змешвальніку, але навобмацак вада ў кране "зусім не торт" — тэлефануйце цепласеткавікам. Участкаў раённых цеплавых сетак у Мінску сем. Даведацца, да якога раёна адносіцца ваш дом, можна на сайце "Мінсккамунцепласетка".

Ці могуць камунальнікі спецыяльна паніжаць тэмпературу вады ноччу? Супрацоўнік цепласетак кажа, што такога не было ўжо даўно.

— Гэта было раней, гадоў восем таму. Цяпер такое ўжо не практыкуецца. Раней ноччу і помпы спыняліся ў мэтах эканоміі электраэнергіі. Цяпер, нават ноччу, як толькі хтосьці адкрывае дома вентыль — адразу пачынаецца водаразбор і помпы падтрымліваюць ціск.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі