З "Гродна Азота" з'ехалі штрэйкбрэхеры
З "Гродна Азота" з'ехалі штрэйкбрэхеры, паведамляе тэлеграм-канал @stachkom. Восенню яны замянялі работнікаў, якія далучыліся да агульнанацыянальнай забастоўкі. Гэтыя людзі прыехалі з прадпрыемстваў Гомеля (хімічны завод) і Наваполацка ("Нафтан").
Радыё Свабода ўдакладняе, што штрэйкбрэхеры зніклі з "Гродна Азота" ў пачатку снежня. Іх было некалькі дзясяткаў чалавек.
"Яны там наагул не былі патрэбныя, — кажа лідар страйкаму "Гродна Азота" Юрый Рававы. — Зрабілі такі крок, каб застрашыць людзей, што ім знойдуць замену, і каб адрапартаваць наверх... А тут сітуацыя "супакоілася", і вярнуліся дадому".
Рававы адзначае, што "гасцей" не дапускалі да сур’ёзных працаў. Па словах лідара страйкаму, агулам да забастоўкі далучыліся 34 чалавекі. На прадпрыемстве па-ранейшаму не хапае тэхналагічнага персаналу і яго кіраўніцтва шукае былых работнікаў, якія згодныя вярнуцца на "Гродна Азот".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.