З лагера для бежанцаў у Літве збеглі больш за 20 мігрантаў
Адзін з цэнтраў для прыёму нелегальных мігрантаў у Літве / Reuters
Пасля акцыі пратэсту, якая адбылася ў літоўскім цэнтры для мігрантаў у Рукле ў суботу, зніклі некалькі дзясяткаў мігрантаў. Збег 21 чалавек.
Іх знікненню папярэднічала акцыя пратэсту. Мігранты былі незадаволеныя ўмовамі пражывання ў лагеры.
"Пасля імправізаванага мітынгу, на якім нелегалы ў чарговы раз выказалі незадаволенасць ўмовамі ўтрымання, у ходзе праверкі спісачнага складу было выяўлена адсутнасць 21 асобы", — распавёў у эфіры нацыянальнага радыё LRT начальнік Службы аховы грамадскага парадку пры МУС Літвы Рычардас Поцюс.
Паводле яго слоў, восем уцекачоў ужо знайшлі і вярнулі ў лагер. Яшчэ 13 чалавек шукаюць.
У гэтыя выхадныя ў Рукле адбылося яшчэ адно надзвычайнае здарэнне. У бальніцы памёр хлопчык 11 гадоў. З пачатку жніўня ён разам з сям'ёй знаходзіўся ў цэнтры прыёму бежанцаў. Дзіця мела інваліднасць і было ляжачым хворым. Раніцай у нядзелю яму стала дрэнна, і супрацоўнікі Цэнтра выклікалі хуткую дапамогу. У бальніцы дзіця памерла.
У цэнтры ў Рукле ўтрымліваюцца больш за 300 чалавек — гэта нелегальныя мігранты-выхадцы з краін Афрыкі і Азіі, якія праніклі ў Літву з тэрыторыі Беларусі. З пачатку года на літоўска-беларускай мяжы затрыманыя больш за 4 тысячы нелегальных мігрантаў. Гэта ў 50 разоў больш, чым за ўвесь 2020 год.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.