З лагераў для бежанцаў у Літве збеглі больш за 700 мігрантаў — МУС краіны
Мігранты ў лагеры для бежанцаў у Літве / delfi.lt
Сёлета ў Літве з лагераў для мігрантаў збеглі больш за 700 чалавек, паведамляе delfi са спасылкай на МУС краіны.
Часцей за ўсё мігранты сыходзілі з лагера ў Рукле (Ёнаўскі раён) і Цэнтра рэгістрацыі бежанцаў у Пабрадзе. Да абвастрэння міграцыйнага крызісу некаторыя мігранты маглі пакідаць тэрыторыю, затым кантроль зрабілі больш жорсткім. На мінулым тыдні МУС краіны заявіла аб намеры ўвесці яшчэ больш жорсткія правілы.
З больш чым 700 збеглых знайсці і вярнуць назад атрымалася толькі 146 чалавек. Агенцтва прыводзіць некалькі гісторый. У прыватнасці, 30 ліпеня паліцыя спыніла аўтамабіль, у якім былі трое нелегалаў з цэнтра прыёму бежанцаў. Яны сказалі, што ехалі шукаць рынак, каб купіць мяса. Але пры гэтым чамусьці парвалі дакументы аб рэгістрацыі. Рэшткі дакументаў былі знойдзеныя ў машыне.
У яшчэ адным спыненым аўтамабілі паліцыя выявіла 6 мігрантаў, якія сышлі з лагера ў Верабеяй. Гэта было ў сярэдзіне жніўня. Па словах аднаго з мужчын, ён думаў, што ўжо вольны.
Пасля паведамлення аб уцёках 700 мігрантаў, кіраўнік МУС Літвы Агне Білатайтэ заявіла, што ахову ў лагерах узмоцняць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.