З наступнага навучальнага года 82,5% школ будуць пачынаць заняткі ў 9:00
Большасць школ у Беларусі (82,5%) з наступнага года будуць пачынаць заняткі ў 9:00. Толькі ў 0,3% устаноў адукацыі яны пачнуцца ў 8:00, у 17,2% — у 8:30. Такую інфармацыю Аляксандру Лукашэнку паведаміў міністр адукацыі Ігар Карпенка. Пры гэтым будуць скарочаныя перамены, каб не моцна павялічыўся час вучобы. Пра гэта Еўрарадыё паведаміла прэс-сакратар Мінадукацыі Людміла Высоцкая.
Высоцкая: “Многія бацькі скардзіліся, што калі так прыводзіць дзяцей у школу, павялічыцца вучэбны дзень. Але мы ініцыявалі змены ў санітарныя нормы. Перамены для дзяцей, якія вучацца ў першую змену у суме скароцяцца на 10 хвілінаў, для тых, хто вучыцца ў дзве змены, перамены скароцяцца на 25 хвілінаў у суме”.
У Мінадукацыі дадалі, што школы, у якіх дзеці вучацца ў дзве змены, таксама змогуць пачынаць заняткі ў 9:00 за кошт скарачэння пераменак.