З Onliner.by сышоў яшчэ адзін журналіст
Аляксандр Чарнуха / фота з сацсетак
З рэдакцыі партала Onliner.by звольніўся журналіст Аляксандр Чарнуха. Ён прапрацаваў на партале шэсць з паловай гадоў. Спецыялізаваўся на культурнай тэматыцы, але апошні год асвятляў і пратэсныя акцыі. У траўні яго затрымлівалі, аднак затым адпусцілі.
Аб сваім сыходзе ён распавёў у Facebook.
"Сыходжу з адчуваннем, што трэба паслухаць цішыню і пабыць сам-насам з сабой", напісаў ён. Падзякаваў калегам і дадаў: "Стаўлю ўсе справы на паўзу. Слухаю ўнутраны голас. Усё абавязкова будзе добра!"
Каля тыдня таму аб сваім сыходзе з Onliner.by заявіў і галоўны рэдактар партала Мікалай Казловіч. Ён прапрацаваў у рэдакцыі каля 10 гадоў, з іх 6 — на пасадзе галоўнага рэдактара. Паведамлялася, што рэдакцыю ўзначаліць Мікалай Градзюшка, да гэтага выпускаючы рэдактар Onliner.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.