За 7 месяцаў колькасць ВІЧ-інфікаваных у Беларусі вырасла на 5,6%

За 7 месяцаў колькасць ВІЧ-інфікаваных у Беларусі вырасла на 5,6%

За 7 месяцаў 2017 года колькасць ВІЧ-інфекаваных у Беларусі вырасла на 5,6%. Згодна з афіцыйнай статыстыкай, на 1 студзеня было зарэгістравана 22218 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. А на 1 жніўня вядома ўжо пра 23470 такіх выпадкаў.

Такім чынам, за 7 месяцаў колькасць людзей, якія жывуць у Беларусі з ВІЧ, павялічылася на 1252 чалавекі.

Але эксперты не спяшаюцца біць трывогу. Прадстаўніца адной з арганізацый, якія супрацьстаяць ВІЧ, у нефармальнай размове з Еўрарадыё адзначыла, што рост колькасці людзей, якія пакутуюць на вірус у Беларусі, гэта хаця і сумная, але норма. На статыстыку ўплывае тое, што цяпер распрацаваныя сродкі каб максімальна працягнуць жыццё ВІЧ-інфекаваных. А за кошт новых выпадкаў колькасць людзей з ВІЧ павялічваецца.

Да таго ж, каб убачыць сітуацыю ў дынаміцы, трэба параўнаць яе з мінулагодняй. “А ў нас [рост колькасці выпадкаў ВІЧ-інфекцыі] фактычна на ўзроўні мінулага года. Нават ёсць невялікае зніжэнне, але гэта ў межах статыстычнай хібы”, — дадае яна.

Па стане на 1 студзеня 2016 года ў Беларусі было зарэгістравана 19827 выпадкаў ВІЧ-інфекцыі. На 1 жніўня таго ж года іх было ўжо 21197. То бок, летась за аналагічны прамежак часу колькасць ВІЧ-інфекаваных у Беларусі вырасла на 1370 чалавек, а за ўвесь мінулы год — на 2391 чалавека, то бок на 12%.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі