За апошнія тры тыдні з Беларусі эвакуяваныя больш за 35 чалавек

Андрэй Стрыжак

Андрэй Стрыжак / Еўрарадыё

За апошнія тры тыдні з Беларусі эвакуяваныя больш за 35 чалавек. Пра гэта "Нашай Ніве" распавёў кіраўнік фонду "Байсол" Андрэй Стрыжак.

Паводле яго слоў, ва "ўмоўна спакойны час" цягам трох тыдняў з краіны звычайна даводзіцца вывозіць 10-15 беларусаў. Але ў сувязі з апошнім рэйдам сілавікоў па былых палітвязнях і сваяках тых, хто сядзіць у лукашэнкаўскай турме, сітуацыя змянілася.

Асаблівасцю апошняй хвалі эвакуацыі, кажа Стрыжак, стала тое, што сярод эвакуяваных цяпер шмат людзей, якія яшчэ раніцай былі ўпэўненыя, што ў іх жыцці нічога не змянілася, а ўжо ўвечары былі на эвакуацыйнай трасе:

"Гэта значыць, у людзей банальна не было часу, каб падрыхтавацца і нармальна сабрацца. Іншая спецыфіка складалася з таго, што было шмат эвакуацый сем'ямі. Людзі былі вымушаныя з'язджаць як з маленькімі дзецьмі, так і з пажылымі бацькамі".

Падчас масавага рэйду сілавікоў было затрымана больш за 257 чалавек, большасць з якіх — пажылыя жанчыны. Мінімум 65 чалавек былі асуджаныя па артыкуле 24.15 — "выкарыстанне замежнай бязвыплатнай дапамогі для ажыццяўлення тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці ці іншых дзеянняў, забароненых заканадаўствам". Прычына — дапамога ў выглядзе прадуктовых перадач, якую ініцыятыва INeedHelpBY аказвала палітвязням праз Е-дастаўку.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі