За каментар аб памочніцы пракурора Касьянчык мінчанцы далі 2 гады "хатняй хіміі"
Мінчанку Юлію Куксу асудзілі на два гады "хатняй хіміі" за каментар пра памочніцу пракурора Аліну Касьянчык, піша праваабарончы сайт "Вясна".
Справу разглядалі ў судзе Першамайскага раёна Мінска. Працэс вяла суддзя Анастасія Ляйкоўская.
43-гадовая бухгалтарка Юлія Кукса 19 снежня 2020 года пакінула абразлівы каментар наконт Касьянчык у тэлеграм-чаце "Партызаны" пад паведамленнем пра суд за надпіс "Не забудем! Не простим!" на Пушкінскай. Па словах жанчыны, яна была абураная строгім прысудам, які вынеслі па просьбе Касьянчык, — два гады калоніі.
На судзе Кукса прызнала віну і раскаялася. Жанчына сказала, што праз месяц выдаліла каментар, бо зразумела, што "гэта няправільна, змагацца трэба іншымі спосабамі".
Затрымалі Куксу 14 красавіка супрацоўнікі ГУБАЗіКа, калі яна ішла на працу.
На судзе высветлілася, што сама Касьянчык каментар не бачыла, пакуль яго не паказаў следчы. Яна палічыла допіс абразлівым і заявіла, што не разумее, як жанчына — аднагодка яе бацькоў — магла так напісаць. Касьянчык назвала раскаянне Куксы фармальным і паведаміла, што не верыць у такое раскаянне. Па яе словах, былі нанесеныя маральныя пакуты, падрыў яе аўтарытэту і падрыў аўтарытэту ўсёй сістэмы. Аднак папрасіла не пазбаўляць волі падсудную.
Аліна Касьянчык была абвінаваўцай на многіх палітычных працэсах, у тым ліку — на судзе журналістак "Белсата" Кацярыны Андрэевай і Дар'і Чульцовай. Улетку 2021-га ў Мінску асудзілі жанчыну, якая выселіла Касьянчык з арандаванай кватэры.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.