За карыкатуру з Лукашэнкам, Качанавай і Караевым бабруйчанка атрымала 1,5 года
52-гадовая Вольга Кукушкіна атрымала 1,5 года калоніі агульнага рэжыму па абвінавачанні ў абразе Аляксандра Лукашэнкі (арт. 368 КК) і іншых прадстаўнікоў улады (арт. 369 КК). Працэс у Бабруйскім судзе праходзіў у закрытым рэжыме, паведамляюць праваабаронцы.
У лістападзе 2021-га ў Кукушкінай дома прайшоў ператрус: нагодай стаў рэпост з тэлеграм-канала, прызнанага экстрэмісцкім. На жанчыну склалі пратакол, ёй прысудзілі 10 сутак.
За час арышту сілавікі знайшлі ў яе смартфоне карцінку, на якой былі паказаныя Лукашэнка, Качанава і Караеў у нацысцкай уніформе, з іх рота сцякала кроў. Таксама на карцінцы быў подпіс, звязаны з Годам Пацука паводле кітайскага календара.
Выявілася, што гэтую карцінку Кукушкіна адправіла ў закрыты чат з каментаром у сакавіку 2021 года. На момант надгляду смартфона чат быў ужо не актыўны, а сама Вольга сышла з яго, але ў смартфоне засталася выява.
Бабруйчанку пасля арышту не затрымалі ў СІЗА, а адпусцілі дадому. Аднак на яе пачалі крымінальную справу. Следчы пераканаў жанчыну, што яна атрымае штраф або "хатнюю хімію", таму яна не стала звяртацца да адваката.
Суд жа прызначыў ёй калонію. Пад варту Кукушкіну ўзялі проста ў зале суда.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.