За плакат "Па 500 тут няма" аршанца аштрафавалі на 490 рублёў
Аршанца Рамана Кузьмянкова аштрафавалі на 490 рублёў (20 базавых велічыняў) за аднаасобны пікет у цэнтры горада, перадае Радыё "Свабода".
14 траўня 28-гадовы хлопец выйшаў да помніка Леніну на цэнтральнай плошчы Оршы з таблічкай "Па 500 тут няма". Як паведамляла Еўрарадыё, прастаяць яму ўдалося толькі 15 хвілінаў: хлопца затрымалі міліцыянты.
Кузьмянкоў распавёў журналістам, што перад тым выхадам на пікет ён напісаў электронны зварот на сайт райвыканкаму. У звароце ён паведаміў пра свой намер выйсці на пікет, бо даўно абяцаных заробкаў "па пяцьсот долараў" няма. Тым не менш пасля затрымання яго ў міліцыі ўсё адно дапытвалі пра мэты пратэсту каля сямі гадзінаў.
Сам аршанец кажа, што з'яўляецца беспрацоўным з 2012 года. Ён спрабаваў стаць індывідуальным прадпрымальнікам, але "ў нашых умовах не атрымалася". Летась ён удзельнічаў у "Маршы недармаедаў". Кузьмянкоў збіраецца выходзіць на такія пікеты і надалей, каб паказваць аршанцам, што яшчэ ёсць людзі, нязгодныя з цяперашняй эканамічнай сітуацыяй.