Забароняць дапаможнік па англійскай мове, выдадзены ў Мінску ў 2022 годзе
Пастаўлена задача зрабіць праўкі ў кнізе (ілюстрацыйнае фота)
Студэнтам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі забароняць займацца па дапаможніку па англійскай мове, выдадзеным у 2022 годзе ("Навучанне маўленчай камунікацыі на англійскай мове"). Нядаўна ў ім пабачылі "прапаганду заходніх каштоўнасцяў". Нехта з бацькоў студэнта-першакурсніка напісаў данос у Мінадукацыі — з-за ілюстрацый у кнізе (фота хлопца ў жаночай сукенцы, сцягоў Вялікабрытаніі і ЗША, БЧБ-сімволікі, якой насамрэч там няма).
Як стала вядома Еўрарадыё, чыноўнікамі была праведзена праверка. Па яе выніках было прынятае рашэнне прыбраць з бібліятэкі ўсе асобнікі дапаможніка і забараніць яго выкарыстанне на занятках. Пастаўлена задача зрабіць праўкі ў кнізе (у прыватнасці, прыбраць згадкі пра сістэмы адукацыі і каштоўнасці Вялікабрытаніі і ЗША), пасля чаго перавыдаць.
Галоўнай рэдактарцы дапаможніка пагражае звальненне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.