“Загадзя вырашылі, што сімволіку не бяром”: дэталі затрымання жодзінцаў у лазні

“Заранее решили, что символику не берем”: подробности задержания жодинцев в бане

Кампанія знаёмых вырашыла схадзіць у нядзелю ў лазню. Дамовіліся загадзя — у гэты дзень у горадзе планавалася “прамыванне”, адключэнне вады. Асобна абгаварылі, што сустрэча будзе без пратэставай сімволікі, па Жодзіна прайшоў слых, што сілавікі ў гэты дзень актывізуюцца. Сустрэліся ў 17.00, як збіраліся, селі за стол і пачалі гутарыць.
 
А ўжо ў 19.05 да іх уварваліся людзі ў чорным з нашыўкамі АМАП. На месцы затрымання практычна адразу з'явіўся начальнік Жодзінскага ГАУС Уладзімір Трацюк і яго намеснік Міхал Мурашкін. Людзей абшукалі і адправілі ў ГАУС. Сімволікі ў іх не знайшлі ні пры ператрусе, ні ў памяшканні — тыя затрыманыя, хто выходзіў апошнімі, яе не бачылі, наша суразмоўца мяркуе, што фота са сцягам сілавікі зрабілі пазней.
 
У ГАУС высветлілася, што ў той жа час затрымалі сына гаспадара лазні — АМАП уварваўся да яго дахаты, пакуль ён спаў. Пра сустрэчу ён не ведаў, кажа жанчына.
 
Мясцовыя супрацоўнікі не ведалі, як аформіць затрыманых, працягвае суразмоўніца Еўрарадыё.
 
- Спачатку сказалі — паступіла інфармацыя пра тое, што ў лазні ўжывалі наркотыкі, таму давялося адправіць туды АМАП. Але праз пэўны час, пасля таго, як частку затрыманых апыталі, пра наркотыкі супрацоўнікі згадваць перасталі і на агляд нікога не павезлі. Затое склалі пратаколы пра ўдзел у масавым мерапрыемстве.
 
Прыкладна апоўначы з ГАУС выпусцілі кабету, у якой дома засталося дзіцё-інвалід, і да шасці раніцы нядзелі паступова адпусцілі іншых кабет, апроч адной. Мужчынаў пакінулі ў ГАУС, чацвёра з іх у знак пратэсту абвясцілі галадоўку — Аляксандр Кавалёў, Яўген Шаляпень, Яўген Літвінаў і Стась Рэпкін.
 
Пра Станіслава Рэпкіна вядома, што ён былы працаўнік БЕЛАЗа, чалец незалежнага прафсаюзу. Быў асуджаны па артыкуле 23.34, з-за гэтага прапусціў тры працоўныя дні. Пасля вяртання на завод яго пазбавілі даплат. Калі ён пайшоў у канцылярыю прадпрыемства за копіяй дырэктывы пра гэта, яму выпісалі апавяшчэнне пра тое, што мужчына адсутнічаў на працоўным месцы цягам сямі хвілін, абвясцілі паўторную вымову і звольнілі. Станіслаў падаў да завода пазоў пра няпраўнае звальненне, але суд яго не задаволіў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі