"Кажуць, скокнула з акна": у Гродне загінула 16-гадовая студэнтка каледжа
Загінулай у Гродне навучэнцы дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання насельніцтва было 16 гадоў. Пра гэта "Беларусь сегодня" паведаміў афіцыйны прадстаўнік УСК па Гродзенскай вобласці Сяргей Шаршаневіч.
Студэнты каледжа, дзе вучылася дзяўчына, кажуць, што яе звалі Дар'яй і выказваюць версію пра самагубства:
Дзяўчына выпала з акна інтэрната навучальнай установы каля двух гадзін ночы з 2 на 3 сакавіка (з якога паверху, не паведамляецца). Яна там жыла. Праваахоўнікі ўсталёўваюць усе акалічнасці трагічнага здарэння. Па словах Шаршаневіча, прызначаны "поўны комплекс экспертыз".
"Гродзенская праўда" інфармавала, што, верагодна, адбыўся няшчасны выпадак. Следчы камітэт аб гэтым не кажа. Па звестках выдання "Вечерний Гродно", дзяўчына была сіратой, вучылася ў Гродзенскім каледжы бытавога абслугоўвання на швачку, пазней збіралася атрымаць прафесію цырульніцы. Знаёмыя загінулай кажуць, што вучылася яна нядрэнна, заняткі не прапускала. У ноч трагедыі каля двух гадзін ночы дзяўчына выйшла з блока інтэрната, адкрыла акно і скокнула ўніз. Спачатку яна ўпала на казырок над дзвярыма чорнага ўваходу, а затым на асфальт. Калі прыехала "хуткая", дзяўчына была яшчэ жывая, але ад атрыманых траўмаў памерла.
"Некаторыя лічаць, што прычынай такога ўчынку стала непадзеленае каханне. Варта адзначыць, што суткі назад на сваёй старонцы ў адной з сацыяльных сетак дзяўчына выклала відэа, у якім плакала", — піша "ВГ".