Загінулы лётчык Мікіта Куканенка з дзяцінства марыў лётаць і хваліў Як-130
Мікіта Куканенка / Сацсеткі
Лейтэнант Мікіта Куканенка, лётчык звяна вучэбна-баявой эскадрыллі на Як-130, усё дзяцінства марыў пра неба.
У гарадскім пасёлку Баравуха пад Полацкам, дзе жыў яго дзядуля, размяшчалася верталётная база. Калі Мікіта Куканенка скончыў Полацкае кадэцкае вучылішча, ён ужо дакладна ведаў, што хоча лётаць.
У дзяцінстве Мікіта любіў глядзець відэа, на якіх вопытныя групы выконвалі фігуры вышэйшага пілатажу.
"Так я захацеў стаць лётчыкам, хацеў кіраваць гэтай машынай. Мне падабаецца манеўранасць, хуткасць. Ты адчуваеш пачуццё свабоды, палёту", — распавядаў лётчык.
Курс Куканенкі ў Ваеннай акадэміі быў эксперыментальным. Курсанты асвоілі вучэбна-баявы самалёт Як-130. Раней яны вывучалі толькі вучэбна-трэніровачны Л-97.
У інтэрв'ю журналістам ВаенТБ гэтай зімой лейтэнант расказваў, што да канца вучобы адчуваў сябе ў самалёце ўпэўнена, быў спакойны, ведаў, што рабіць. Свой вучэбна-баявы Як-130 афіцэр называў лятучым камп'ютарам.
Першы палёт з інструктарам на Як-130 уразіў хлопца.
"Па манеўраных характарыстыках яго нават нельга ставіць побач з Л-39, вельмі манеўраны самалёт, многае можа дазволіць у паветры", — казаў Куканенка.
Сёлета Мікіта разлічваў стаць лётчыкам 3-га класа.
Лейтэнант Мікіта Куканенка і маёр Андрэй Нічыпорчык загінулі сёння пры выкананні вучэбна-трэніровачнага палёту на самалёце Як-130. Экіпаж выявіў тэхнічную няспраўнасць самалёта.
Пілоты коштам уласных жыццяў адвялі самалёт ад жылых дамоў. Толькі пераканаўшыся, што траекторыя падзення знаходзіцца ўдалечыні ад іх, лётчыкі катапультаваліся.
Рэдакцыя Еўрарадыё выказвае спачуванні родным і блізкім загінулых.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.