Захаванне пенсій для пенсіянераў, якія працуюць: ці выратуе гэта эканоміку?
Увесь спадзеў на пенсіянераў
Рэжым паабяцаў пенсіянерам, што цалкам захавае іх пенсіі, калі яны працягнуць працаваць. Пра гэта ў сярэдзіне кастрычніка паведаміў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Юрый Сянько.
Неабходны указ Лукашэнкам яшчэ не падпісаны, але эксперты не маюць сумневаў, што гэта адбудзецца — беларускі рынак працы праз палітычныя рэпрэсіі і саўдзел у вайне страчвае шмат спецыялістаў, у пэўных сферах лік ужо ідзе на некалькі тысяч чалавек.
Еўрарадыё высветліла, ці змогуць людзі перадпенсійнага і пенсійнага ўзросту выратаваць эканоміку ад блізкага калапсу.
Падатак на “заможных”пенсіянераў
Да анансавання згаданага вышэй указа ўлады фактычна ажыццяўлялі ўзаконеную дыскрымінацыю пенсіянераў з высокімі пенсіямі. Чыноўнікі не даплачвалі частку належных ім грошай, калі яны вырашалі не выходзіць на пенсію і працягвалі працаваць.
Разлік пенсіі адбываўся праз каэфіцыент, які вызначаў суадносіны фактычнага заробку супрацоўніка і сярэдняга значэння заробкаў па краіне.
Напрыклад, калі чалавек атрымліваў сярэдні заробак па краіне, яго каэфіцыент пасля выхаду на пенсію складаў 1. Калі заробак быў значна вышэйшы за сярэдні, то праз вылічэнні вызначаўся падвышаны каэфіцыент, па якім налічвалася пенсія.
Грошы ўтрымлівалі пры каэфіцыенце ад 1,3 і вышэй. Абмежаванне пры гэтым не тычылася ветэранаў сілавых структур.
Беларусы, з якімі Еўрарадыё паразмаўляла, называлі розныя сумы ўтрымання — ад 70 да 100 рублёў. На практыцы яны маглі быць і большымі, у залежнасці ад канкрэтнага заробку і вызначанага каэфіцыента.
Але паколькі моладзь і людзі сярэдняга ўзросту апошнія чатыры гады актыўна з’язджаюць з краіны, улады вырашылі “мабілізаваць” пенсіянераў і адмяніць непапулярную меру.
Указ аб захаванні пенсій пенсіянерам можа стымуляваць як людзей перадпенсійнага ўзросту застацца ў прафесіі, так і тых, хто ўжо на пенсіі, шукаць сабе падпрацоўку.
Як паказала невялікая ананімная апытанка Еўрарадыё сярод жыхароў Віцебскай і Мінскай абласцей, а таксама Мінска, рашэнне аб захаванні пенсій спадабалася ўсім. Аднак шукаць працу ці працягваць працаваць пасля дасягнення пенсійнага ўзросту гатовыя далёка не ўсе.
Амаль усе апытаныя пенсіянеры без працы прызналіся, што новаўвядзенне не падштурхне іх зноў ісці на працу. У кагосьці няма здароўя, нехта даглядае старэнькіх бацькоў.
Іншыя кампенсуюць невялікую пенсію праз хатнюю гаспадарку — сады і агароды на лецішчы. А хтосьці атрымлівае пасіўны заробак праз арэнду нерухомасці, мае грашовую падтрымку ад дзяцей, і гэтага хапае.
Былі людзі, якія прызнаваліся, што баяцца новай працы, асабліва ў сферы гандлю, і не гатовыя разбірацца ў новай прафесіі ці несці грашовую адказнасць за страты на складах і ў крамах.
Куды больш бадзёра новы ўказ успрынялі людзі перадпенсійнага ўзросту, большасць з якіх пацвердзіла, што працягне працаваць, калі кіраўніцтва не захоча іх звольніць. Але былі і тыя, хто наадрэз адмовіўся працягваць працу.
Неабходна правесці сацыялагічнае даследаванне, каб зразумець, наколькі эфектыўным будзе рашэнне аб захаванні пенсій.
Што тычыцца варыянтаў працы для пенсіянераў, то іх таксама не асабліва шмат. Дзяржаўная служба занятасці прапануе на сёння 319 вакансій ва ўсёй рэспубліцы для людзей перадпенсійнага ўзросту.
Сярод вакансій можна знайсці варыянты для людзей як з вышэйшай (выкладчыкі і лекары), так і з сярэдне-спецыяльнай і прафесійна тэхнічнай (слесары, сантэхнікі, кладаўшчыкі, фельчары, лабаранты, санітары) адукацыяй.
Пераважная большасць заробкаў вагаецца ў вілцы паміж 500 і 1000 рублёў, але ёсць выпадкі і значна больш шчодрых прапаноў.
Нацыя пенсіянераў
Нават без унутраных і геапалітычных катаклізмаў відаць, што Беларусь паціху ператвараецца ў нацыю пенсіянераў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.