Затрыманаму ў метро Баку беларусу абвінавачанне яшчэ не выставілі
Затрыманаму ў метро Баку беларусу абвінавачанне яшчэ не выставілі. Справу графіціста Сяргея Ільеўскага адсочвае беларуская амбасада. Дзмітрый Мірончык, афіцыйны прадстаўнік МЗС нашай краіны, адзначыў у каментары tut.by, што "азербайджанскі бок паводзіць сябе максімальна карэктна". У беларускіх дыпламатаў не было праблем з доступам да затрыманага, яму неадкладна прадаставілі паслугі перакладчыка і адваката.
Графіціст Сяргей Ільеўскі быў затрыманы 25 сакавіка, калі спілаваў краты ў вентыляцыйнай шахце "Бакметрапалітэна". Ён планаваў ноччу прабрацца ў тунэль і размаляваць сцены. Падчас затрымання ў грамадзяніна Беларусі канфіскавалі балоны з фарбай, а таксама здымкі яго малюнкаў, зробленых днямі ў тбіліскім і ерэванскім метрапалітэнах, паведамляе сайт haqqin.az.
Як стала вядома, раней Ільеўскага неаднаразова прыцягвалі да адказнасці на радзіме, у тым ліку і за графіці, якое ён наносіў на цягнікі, сцены жылых дамоў.