Затрыманы сын беларускага пісьменніка сядзіць у камеры з 9 палітычнымі
Турма ў Магілёве
1 лютага з Арцёмам Антонавым, арыштаваным сынам журналіста і пісьменніка Сяргея Антонава, сустрэўся адвакат, піша mogilev.media.
Арцёма вінавацяць у абразе Лукашэнкі. Ён з 26 снежня 2023 года сядзіць у Магілёўскім СІЗА. Сведкамі па яго справе выступаюць міліцыянты: нібыта, менавіта ў іх машыне ён дапусціў абразлівыя выказванні.
У лістах маці Арцём піша, што з ім у камеры сядзяць дзевяць чалавек, таксама затрыманыя па палітычных матывах.
Маці паспрабавала перадаць Арцёму кнігі. Аднак у СІЗА іх не прынялі: маўляў, там ёсць свая бібліятэка.
Як распавядала Еўрарадыё, Арцёма Антонава затрымалі адразу пасля таго, як ягоны бацька пакінуў Беларусь. Быхаўскага пісьменніка-фантаста Сяргея Антонава падазраюць у супрацы з інтэрнэт-парталам mogilev.media, які рэжым Лукашэнкі прызнаў "экстрэмісцкім фармаваннем". Пісьменнік выехаў з Беларусі пасля ператрусу, канфіскацыі абсталявання, допыту ў КДБ і адміністрацыйнага арышту.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.