Заяц заявіў, што даручэнне Лукашэнкі па памідорах выканаюць толькі ў 2027 годзе
Урад пакуль не можа забяспечыць беларусаў зімой айчыннымі памідорамі
Намеснік прэм'ер-міністра Леанід Заяц у эфіры тэлеканала "Беларусь 1" заявіў, што даручэнне Аляксандра Лукашэнкі па памідорах выканаюць толькі ў... 2027 годзе. Ён паставіў задачу агародніцкім прадпрыемствам, якія займаюцца "вытворчасцю гародніны закрытага грунту ў міжсезонны перыяд", забяспечыць беларусаў агуркамі і памідорамі. Наконт агуркоў чыноўнікі далі справаздачу яшчэ ў лютым. Зімой у цяпліцах іх вырасцілі нават зашмат, і даводзіцца лішак прадаваць за мяжу. А вось з памідорамі так хутка не атрымалася.
Заяц кажа, што адно з прадпрыемстваў "сёлета ўпершыню... асвоіла тэхналогію... вытворчасці таматаў у абароненым грунце". Ці атрымаецца да 2027-га, Леанід Заяц таксама не зусім упэўнены, бо толькі "спадзяецца".
І гэта яшчэ не самы далёкі тэрмін. Напрыклад, гендырэктар "МотаВелаЗавода" збіраецца парадаваць Лукашэнку толькі ў 2029 годзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.