Збіты казакамі студэнт пінскага каледжа: Яны ўтраіх мяне білі
Зміцер Гардзей распавёў Еўрарадыё, што прычынай бойкі стала тое, што п’яныя расіяне чапляліся да яго дзяўчыны, а Зміцер за яе заступіўся.
Студэнт Пінскага аграрнага тэхналагічнага каледжа, якога збілі ўдзельнікі коннага паходу Масква-Берлін, цяпер знаходзіцца ў сябе дома ў Ганцавічах. Зміцер Гардзей прызнаецца, што ніякіх моцных пабояў не мае, “сур’ёзнага нічога і не было, і ўжо ўсё амаль прайшло, хіба толькі сківіца крыху баліць”.
Хлопец не вельмі жадае распавядаць падрабязнасці сутычкі ў інтэрнаце каледжа. Вядома толькі, што п’яныя расіяне чапляліся да яго дзяўчыны, а Зміцер заступіўся.
“Яны прыйшлі п’яныя разбірацца са мной наконт дзяўчыны, і ўтраіх мяне збілі, — дадае хлопец. — Увогуле, іх было чацвёра і адзін з іх у выніку расцягнуў бойку. Ніякай міліцыі там не было”.
Падчас бойкі расіяне пашкодзілі лядоўню, уваходныя дзверы і разбілі шкляную вазу ў пакоі пацярпелага. Зміцер пацвярджае, што прычынай бойкі стала яго дзяўчына Вераніка, якая таксама вучыцца ў каледжы і жыве ў гэтым інтэрнаце. Па словах хлопца, п’яныя казакі чапляліся да дзяўчыны, а Зміцер за яе заступіўся.
Сама Вераніка прызналася Еўрарадыё, што “падпісала ў следчых абавязальніцтва пра неразгалошванне” і не мае права нешта распавядаць.
Беларуская міліцыя затрымала траіх удзельнікаў бойкі. Двое сутак расіяне правялі ў ізалятары часовага ўтрымання Пінскага ГАУС ў статусе падазраваных, а на трэція (10 ліпеня) ім усім выставілі афіцыйнае абвінавачванне ў злосным хуліганстве. Пінская міжраённая пракуратура санкцыянавала іх арышт тэрмінам на два месяцы на перыяд папярэдняга расследавання.
Па словах пракурора Брэстчыны Івана Наскевіча, у рашэнні праваахоўнікаў не трэба шукаць палітычнага кантэксту. Маўляў, закон для ўсіх аднолькавы:
"Нашы сябры-расіяне павялі сябе неадэкватна. Самае крыўднае ў гэтай сітуацыі тое, што мы заўсёды адэкватна на кожны факт правапарушэння глядзім: калі б яны першапачаткова прынеслі прабачэнні, прынялі б захады па загладжванні нанесенай шкоды, то і мы зрабілі б па-братэрску. Але, на жаль, такіх крокаў насустрач зроблена не было".
Нагадаем, пінскія ўлады ўрачыста, з хлебам соллю, ускладаннем вянкоў ды паказальнымі выступамі сустрэлі ўдзельнікаў коннага паходу Масква — Берлін. Казакам бясплатна выдзелілі для пражывання цэлы паверх у інтэрнаце Пінскага аграрнага тэхналагічнага каледжа. Супрацоўнікі навучальнай установы распавялі, што займаўся ўсім аддзел ідэалогіі гарвыканкама, а дакладней, загадчык сектарам ідэалагічнай працы і па справах моладзі Юры Бушык. Што праўда, спадар Бушык робіць выгляд, што ўвогуле ніякага дачынення да сустрэчы гасцей з Расіі не мае.
“Гэта не ведамасны інтэрнат гарвыканкама, таму мы не маглі туды нікога засяліць, — адразае чыноўнік і, не даючы ўставіць слова, “збягае”. — Але я ўстрымаюся ад каментарыяў, усяго найлепшага, да пабачэння!”
Цікава, што начальнік аддзела ідэалогіі таксама нічога не ведае, бо была ў адпачынку і толькі нядаўна вярнулася. Ідэолаг самога каледжа Святлана Пракаповіч, якая дзяжурыла ў гэтую ноч у інтэрнаце і была сведкай бойкі, адмаўляецца размаўляць. Маўляў, без дазволу дырэктара нельга. Дырэктар жа пасля секунднай паўзы кажа, што знаходзіцца ў адпачынку і перанакіроўвае Еўрарадыё ў гарвыканкам. Пагадзіцеся, не зусім звычайная таямнічасць для такой простай справы, як хуліганства!
Дарэчы, паход казакоў працягнуўся не толькі без затрыманых удзельнікаў, але і без... коней. Брэст стаў канчатковым пунктам маршруту коннага паходу ў тым варыянце, як ён быў задуманы. Прайшоўшы ў конным страі ад Масквы да Брэста 1400 км, далей экспедыцыя адправіцца ў скарочаным складзе, а менавіта — без жывёл. Па словах арганізатараў, ім прыйшлося адмовіцца ад першапачатковага фармату праз патрабаванні польскага ветэрынарнага нагляду.
Паводле папярэдняй інфармацыі, у ноч на 16 ліпеня ўдзельнікі паходу перасяклі на аўтобусе беларуска-польскую мяжу.
Фота мерапрыемстваў у Пінску з удзельнікамі прабегу: zarya.by