Жанчыне за гонку з ДАІ пагражае штраф — 15 мільёнаў рублёў
Здарэнне адбылося вечарам 1 верасня ў Хойніцкім раёне. П'яная кіроўца не спыніла свой "Фольксваген Гольф" на патрабаванне ДАІшнікаў.
Пачалася пагоня, якая працягвалася ад вёскі Карчавое да Хойнікаў. Легкавік нават выязжаў на сустрэчную паласу. Каб недапусціць "прарыву" аўтамабіля ў раённы цэнтр, супрацоўнікі ДАІ прастрэлілі задняе кола. Машына спынілася за 300 метраў ад горада. У крыві кіроўцы знайшлі 2,2 праміле алкаголя. Высветлілася, што ў 2012 годзе жанчына была пазбаўленая правоў кіравання пасля таго, як яе злавілі п'янай за рулём. Цяпер яна ехала на машыне свайго бацькі.
Як інфармуе БЕЛТА, на 42-гадовую парушальніцу былі складзеныя некалькі пратаколаў. За непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў ДАІ, а таксама за кіраванне ў нецвярозым стане без вадзіцельскіх правоў і стварэнне аварыйнай сітуацыі на дарозе яе могуць аштрафаваць на 15 мільёнаў рублёў. Акрамя таго, жанчыне могуць працягнуць тэрмін пазбаўлення права кіравання транспартным сродкам.