Жанчыну са Светлагорска, па чыёй віне загінуў унук, будуць лячыць ад алкагалізму
25 красавіка ў Светлагорскім раённым судзе вынеслі прысуд жанчыне, па віне якой выпаў з гаўбца і загінуў яе чатырохгадовы праўнук, піша TUT.by.
Трагедыя адбылася ўвечары 3 снежня 2018 года. Тады пад вокнамі дзевяціпавярховіка ў Светлагорску мінакі знайшлі напаўжывое дзіця ў хатняй адзежы — вадалазцы і калготках. Пазней стала вядома, што хлопчык вываліўся з акна шостага паверха. У гэты момант у кватэры была яго стрыечная бабуля — 46-гадовая Наталля. Пасля здарэння ў яе крыві быў выяўлены алкаголь.
Пацярпелай у справе была прызнаная маці абвінавачанай — 70-гадовая Аліна Казіміраўна. Яна была прабабуляй загінулага малога і з'яўлялася ягонай апякункай. Мама хлопчыка пакінула яго сваякам, калі яму яшчэ не споўнілася і паўгода.
Абвінавачаную жанчыну прызналі вінаватай у неналежным выкананні абавязкаў па забеспячэнні бяспекі жыцця і здароўя малалетняй асобай, што пацягнула па неасцярожнасці смерць малалетняга. Ёй прысудзілі тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хатняя хімія"). Таксама яна павінна заплаціць дзяржаве штраф у 2550 рублёў і маральную кампенсацыю пацярпелай — 3000 рублёў. Акрамя таго жанчына будзе абавязаная прайсці курс лячэння ад алкагалізму.