Жанна Літвіна: Службоўцы адчулі пагрозу Інтэрнэта

Напярэдадні Сусветнага дня свабоды слова Жанна Літвіна, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў, паразважала пра стан незалежных СМІ, супрацоўніцтва журналістаў дзяржаўных і незалежных выданняў, а таксама пра ролю Інтэрнэта ў распаўсюджванні свабоды слова ў Беларусі. EРБ: Як Вы ацэньваеце стан беларускіх незалежных СМІ сёння?

Жанна Літвіна: На жаль, у нас сёння склалася такая дзіўная сітуацыя, калі б я сказала, што ў журналісцкім асяроддзі назіраецца раскол. І калі гэта не зусім і дакладнае слова, але мы сёння бачым, што частка беларускай журналістыкі, якая заангажаваная і працуе ў дзяржаўных СМІ, мае сваё разуменне месца і ролі сродкаў масавай інфармацыі ў грамадстве. І другая частка журналістаў, незалежных, у якіх больш праблем звязана з доступам да інфармацыі, у якіх праблемы са свабодным распаўсюджваннем незалежных газет. І я лічу, што незалежныя журналісты – гэта тыя людзі, якія прытрымліваюцца ў сваёй працы стандартаў журналістыкі, высокіх этычных правілаў. І ў нашым грамадстве на сённяшні дзень стаіць звышзадача, каб справіцца з гэтай сітуацыяй. Гэта раздзяржаўленне і дэманапалізацыя сродкаў масавай інфармацыі, разбурэнне манаполіі ўлады на інфармацыю. Пакуль не будзе вырашана менавіта гэтая звышзадача, нам цяжка разлічваць на нейкія змены ў грамадскай свядомасці ў першую чаргу.

EРБ: А ці ідзе цяпер нейкае развіццё адносінаў незалежных СМІ з дзяржаўнымі?

Жанна Літвіна: У кожнага сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў на сённяшні дзень ёсць нейкія пэўныя стасункі, чалавечыя адносіны са сваімі калегамі з дзяржаўных СМІ. Але, на жаль, існуе такая глабальная праблема, што ў адстойванні сваіх прафесійных правоў мы ніяк не можам дасягнуць такой кансалідацыі, у высакародным сэнсе слова, такой карпаратыўнай салідарнасці. У нас нават святы розныя. Адна палова журналістаў святкуе 3 траўня “Сусветны дзень свабоды слова”, другая частка нашых калегаў святкуе дзень друку. З гэтым трэба нейкім чынам змагацца. Так не павінна быць, і так не можа быць.

EРБ: А як павінна праходзіць раздзяржаўленне СМІ?

Жанна Літвіна: Для гэтага ў першую чаргу патрэбна заканадаўчая база. Вось гэтыя працэсы раздзяржаўлення і дэманапалізацыі адбыліся нават у нашых суседніх краінах, такіх як Расія, Украіна. А ў Беларусі, на жаль, да сённяшняга дня прэса застаецца ў руках выканаўчай улады. І нават тыя фармулёўкі, якія апошнім часам гучалі з вуснаў кіраўніка дзяржавы сведчаць пра тое, што ў нас мала што зменіцца у бліжэйшым часе. Цытую: “У інтарэсах грамадства масмедыя павінны кантралявацца дзяржавай. Паколькі ў руках СМІ зброя самай разбуральнай сілы”.

EРБ: Як Вы лічыце, ці патрэбная праца незалежных беларускіх СМІ замежжа і якія мэты яны перад сабою ставяць?

Жанна Літвіна: Я не буду хаваць, я вельмі шчырая прыхільніца СМІ, якія рэгіструюцца і працуюць па-за межамі Беларусі для Беларусі. Таму што, на жаль, няма нейкіх прыкметаў, што ўнутры самой краіны ў бліжэйшым часе штосьці можа змяніцца. Таму і ўсе радыёстанцыі, якія працуюць, гэта і “Еўрапейскае радыё для Беларусі” і “Радыё Рацыя”, і адзіны тэлевізійны незалежны канал “Белсат” – для мяне яны неверагодна важныя, таму што гэта крыніцы не цэнзураванай інфармацыі. Яны абавязаныя ўзяць на сябе функцыю свайго кшталту інфармацыйных агенцтваў па распаўсюджванні інфармацыі. Іншая справа, што часам ад экспертаў можна пачуць нараканні пра слабую эфектыўнасць гэтых СМІ. Але ёсць аб’ектыўныя прычыны. Для таго, каб яны сапраўды сталі эфектыўнымі трэба, каб яны мелі рэтрансляцыю на тэрыторыі Беларусі, каб яны мелі перадатчыкі для распаўсюджвання свайго сігналу. Ну, а тое, наколькі важную ролю яны выконваюць у грамадстве, сведчыць хаця б тая беспрэцэдэнтная маштабная акцыя, якую правёў Камітэт дзяржаўнай бяспекі 27 сакавіка супраць журналістаў, якія працавалі на гэтыя СМІ без акрэдытацыі. Дарэчы, мы дагэтуль чакаем вычарпальных адказаў на нашы пытанні і ад КДБ, і ад генеральнай пракуратуры. Мы патрабуем вяртання тэхнікі, вяртання іншых інфармацыйных матэрыялаў, якія былі канфіскаваныя падчас перетрусаў. Нашы патрабаванні зноў-такі палягаюць у тым, каб у нашай краіне быў уведзены заяўны прынцып па акрэдытацыі журналістаў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ, і ў цэлым спыненне пераследу незалежных журналістаў.

EРБ: Як Вы ацэньваеце новы законапраект “Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі”?

Жанна Літвіна: Я б пра Інтэрнэт казала крыху шырэй. Сёння гэта сапраўды тая сфера, дзе мы можам назіраць свабоднае абарачэнне інфармацыі, дзе інфармацыя не кантралюецца. Пагрозу, якую Інтэрнэт нясе ўладзе відаць таксама нашы службоўцы адчулі. І больш за ўсё занепакоенасць сёння выклікае праект указу аб прававым рэгуляванні Інтэрнэта. Справа ў тым, што амаль год таму была створана спецыяльная камісія па вывучэнні досведу прававога рэгулявання Інтэрнэтам. Вось гэты праект указу акурат і з’яўляецца вынікам дзейнасці гэтай камісіі. На сённяшні дзень больш за ўсё палохае тое, што нашы сайты могуць набыць статус сродкаў масавай інфармацыі. Як толькі статус будзе нададзены, тады адразу мы зможам атрымаць практыку шырокага прымянення самых адыёзных артыкулаў Крымінальнага кодэкса, дый наогул усяго беларускага заканадаўства ў адносінах да тых людзей, якія працуюць на сайтах. Другі фрагмент – гэта які характар будзе насіць сама рэгістрацыя сайтаў. Альбо гэта будзе заяўны, альбо абавязковы прынцып рэгістрацыі. Але ўсё адно зразумела, што проста адбудоўваюцца механізмы кантролю нават за Інтэрнэтам.

Фота "Наша Ніва"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі