ЖРЭА: Лесвіцу заварылі, каб жыхары не паламалі ногі
Фота лесвіцы ў дварах на вуліцы Берута ў сталіцы скалынула сацсеткі: лесвіца амаль што развалілася, плітка адвалілася, прыступкі рассыпаліся. Жыхары звярнуліся з прапановай адрамантаваць лесвіцу, якая вядзе да дамоў і школы. ЖРЭА адрэагавала, ды ўвогуле заварыла ўваходы.
Раён вуліцы Берута пабудаваны ў незвычайным для Мінска стылі. Дамы — адзін вышэйшы за другі, стаяць паралельна адзін аднаму. Між сабой двары звязаныя лесвіцамі, шырокімі і вузкімі, а таксама разгалінаванай аўтамабільнай дарогай. Калісьці, напэўна, гэта здавалася вельмі арыгінальным.
У ЖРЭА №1 тлумачаць, што пакуль не маюць сродкаў, каб адрамантаваць гэтую лесвіцу, бо ў бюджэт-2017 не ўпісана: "У 2017 годзе выдзеленыя грошы на рамонт лесвіцы побач з гэтым домам. Мэтавая праграма фарміруецца ў канцы года, а запыт на рамонт лесвіцы, якую мы заварылі, з’явіўся толькі ў ліпені, — тлумачыць намеснік дырэктара па добраўпарадкаванні Валянціна Баркоўская. — Мы абследавалі гэтую лесвіцу, і паколькі фінансавання пакуль няма, заварылі яе. Там у крокавай даступнасці ёсць другая лесвіца, ужо адрамантаваная. Калі мы лесвіцу заварылі, то яна ўжо ўключаная ў праграму на наступны год пад нумарам адзін".
Сапраўды, там побач ёсць некалькі адрамантаваных лесвіц, аднак, калі вы з каляскай або на калясцы, то вам прыйдзецца або спускацца па дарозе, якая для аўтамабіляў, альбо ехаць нашмат далей, да лесвіцы, дзе ёсць пандус для калясак.
Пакуль немагчыма сказаць, колькі будзе каштаваць рамонт гэтай лесвіцы, бо кошты на матэрыялы могуць змяніцца: "Сёння яна можа каштаваць 8 тысяч рублёў, а ў 2018 годзе, калі падаражэе матэрыял, то будзе яшчэ даражэй. Тым больш, гэта складаная лесвіца. Яна цалкам разбіраецца, робіцца пандус для калясак".
Па словах Валянціны, гэта вельмі складаны раён з-за сваёй планіроўкі: "Там каскадная планіроўка, у тым раёне больш за 25 лесвіц. Мы паэтапна кожны год па лесвіцы рамантуем. У тым раёне засталося ўсяго некалькі лесвіц, якім патрэбны рамонт".
Дык а чаму лесвіцу заварылі? Як тлумачыць ЖРЭА, гэта зрабілі, каб людзі не ламалі на ёй ногі.