Журналіст: Мытнік на мяжы лаяўся матам і чапляўся да беларускай мовы

Журналіст: Мытнік на мяжы лаяўся матам і чапляўся да беларускай мовы

Гомельскія журналісты Наталля Крывашэй, Кастусь Жукоўскі і грамадскі актывіст Уладзімір Кацора патрапілі пад пільны дагляд беларускіх мытнікаў на прапускным пункце “Новая Гута” (беларуска-ўкраінская мяжа) па дарозе з Чарнігава ў Гомель. Пасля праверкі асабістых рэчаў іх пратрымалі на мытні хвілін сорак, пасля чаго накіравалі ў бокс паглыбленага нагляду.

Жукоўскі: “Адкручвалі ўсё, акрамя колаў. У машыне практычна ўсю абшыўку здымалі, залазілі ў фільтры… Аздабленне ў аўтамабілі здымалі практычна ўсё цалкам, калі не атрымлівалася — проста туды заглядвалі. Усё гэта яны фіксавалі на фотаапарат”.

Пасля дагляду прыйшоў начальнік змены. Ён пачаў выказваць незадаволенасць тым, што з ім размаўляюць па-беларуску. Пасля довадаў Кастуся Жукоўскага аб законнасці карыстання беларускай мовай начальнік змены ўзяў яго за каўнер і прапанаваў выйсці паразмаўляць “як мужык з мужыком”.

Жукоўскі: “Разумеючы, што мы не на вёсцы і я не прашу закурыць, а гэта ёсць мытня, ён з’яўляецца ў першую чаргу асобай, якая прадстаўляе дзяржаву, я канешне, падняў вэрхал. Ён супакоіўся, але пачаў матам лаяцца на мяне, абражаў бруднай лаянкай, “тыкаў”. Тады я пачаў проста выклікаць міліцыю. Калі я выклікаў міліцыю, ён неаднаразова мяне папярэджваў, што зараз будзе ўжытая фізічная сіла”.

Пасля прыезду міліцыянераў была складзена заява на правядзенне праверкі. Кастусь Жукоўскі прыгадвае, што і раней на мяжы з Украінай некалькі разоў аўтамабіль заганялі ў бокс паглыбленага агляду і абшуквалі. Журналісты даволі часта выязджаюць у Чарнігаў на здымкі сюжэтаў аб жыцці ўкраінцаў, іншым разам завозячы туды гуманітарную дапамогу. На гэты раз яны вярталіся са звычайнага шопінгу.

Сярод пасажыраў быў Уладзімір Кацора, каардынатар па Гомельскай вобласці па назіранні за выбарамі, з чым Кастусь Жукоўскі і звязвае такую пільную да іх увагу. Яго калега Наталля Крывашэй ініцыявала ў інтэрнэце збор подпісаў пад петыцыяй з патрабаваннем звольніць мытніка, які перавысіў свае паўнамоцтвы.

Здымак з архіву. Фота: espreso.tv

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі