Журналістка Ірына Слаўнікава асуджана на 5 гадоў калоніі
Журналістка польскага тэлеканала TVP Ірына Слаўнікава асуджана на 5 гадоў калоніі. Пры гэтым пракурор прасіла для яе 4 гады зняволення. Крымінальную справу разглядаў Гомельскі абласны суд (суддзя — Мікалай Доля). Працэс праходзіў у закрытым рэжыме з канца чэрвеня. Слаўнікаву прызналі вінаватай у "стварэнні экстрэмісцкага фарміравання або ўдзеле ў ім" і ў "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх", піша "Белсат".
Слаўнікава знаходзіцца за кратамі з кастрычніка 2021-га. Яе затрымалі разам з мужам адразу пасля вяртання з адпачынку з Егіпта. Спачатку быў адміністрацыйны арышт (за захоўванне ў Facebook матэрыялаў, якія прызнаныя ў нашай краіне "экстрэмісцкімі"), пасля ўзнікла крымінальная справа. Журналістку спачатку падазравалі ў "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак", а вясной сёлета выставілі абвінавачанне ў стварэнні "экстрэмісцкага фармавання".
У лістападзе 2021-га беларускія праваабаронцы прызналі Ірыну Слаўнікаву палітзняволенай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.