Жыццё за 30 кіламетраў ад фронту: "Быццам стаіш ля высакавольтнай лініі"

"Калі ты з'едзеш, твой дом разрабуюць, а тых, хто застаўся, заб'юць і згвалцяць".

"Калі ты з'едзеш, твой дом разрабуюць, а тых, хто застаўся, заб'юць і згвалцяць". / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Юрый Быстрык жыве ў Сумах. Ад яго дома да Расіі — каля трыццаці кіламетраў. Калі мы дамаўляемся на інтэрв'ю, Юрый шукае "акенца". Але не ў раскладзе — проста каб стэлефанавацца, трэба падгадаць, калі ў горадзе будзе электрычнасць. Праз частыя абстрэлы часам выключаюць святло.

Юрый — навуковы супрацоўнік Інстытута прыкладной фізікі Нацыянальнай акадэміі навук Украіны. Больш за два гады таму, 23 лютага 2022 года, ён атрымаў запрашэнне папрацаваць у адным з еўрапейскіх універсітэтаў. Але адчуваў, што ні ў які ўніверсітэт ужо не паедзе.

У ноч з 23 на 24 лютага разам з жонкай ён вяртаўся ад сваякоў.

Я сказаў жонцы: такое цудоўнае надвор'е. Так пахне вясной. Напэўна, заўтра вайна. Я памыліўся на адзін дзень. Вайна пачалася ў тую ж ноч.

Чаму людзі не з'язджаюць з прыфрантавых гарадоў і як жыць, калі ва ўсіх тэлеграм-чатах — чуткі пра хуткі наступ Расіі? Для Сумшчыны — паўторны.


"Калі я праводзіў сям'ю, думаў, што бачу іх апошні раз"

— Як гэта наогул — жыць так блізка да мяжы з Расіяй?

— Сітуацыя асабліва напружаная, расіяне назапашваюць каля мяжы войскі, і галоўнае пытанне, якое стаіць ва ўсіх — ці пойдуць яны ў наступ у нашай вобласці, як гэта нядаўна адбылося ў Харкаве. Гэты дамоклаў меч вымотвае ўсіх, хоць не дыктуе наш побыт, але задае вектар думкі. Гэта ва ўсіх наўме, у размовах, у сямейных чатах — усюды.

Кожны дзень можа быць прылёт. Ноччу можна прачнуцца ад званка і пачуць, што расіяне ўварваліся ў нейкі населены пункт і трэба эвакуяваць жанчын і дзяцей.

Хоць гэты цяжар ужо нават не заўважаецца. Напрыклад, прылёт па горадзе балістыкі або шахіда ўспрымаецца без панікі, найперш людзі спрабуюць высветліць у знаёмых, куды быў прылёт. Не ва ўсіх псіхіка адаптавалася, але агрубленне ўспрымання ёсць. Цяжэй за ўсё, вядома, дзецям, нядаўна ноччу быў масіраваны абстрэл, многія дзеці дагэтуль плачуць і баяцца.

Жизнь в 30 километрах от фронта: “Как будто стоишь около высоковольтной линии”
Сумы да вайны / varandej

Але адразу пасля таго, як расіянаў выбілі з вобласці ў канцы красавіка 22-га года, мая сям'я вярнулася. І многія вярнуліся. Даваенным насельніцтва яшчэ не стала, але цяпер у горадзе, думаю, жыве каля 200 тысяч чалавек.

— Але чаму? Вы кажаце пра частыя абстрэлы, пра "шахеды" — чаму людзі не з'язджаюць хоць бы на Заходнюю Украіну, не кажучы ўжо пра Еўропу? Чаму вы і ваша сям'я вырашылі застацца ў Сумах?

— Праз усведамленне, што калі ты з'едзеш і многія зробяць гэтак жа, то твой дом і ўсё вакол разрабуюць, знішчаць, тых, хто застаўся, заб'юць і згвалцяць. Так Расія паступае ўсюды і заўсёды стагоддзямі, і нічога не змянілася цяпер. То-бок з'ехаць — гэта значыць, пагадзіцца аддаць усё, што ў цябе было, і матэрыяльнага, і нематэрыяльнага, тым, хто гэта ўсё знішчыць. Такі крок вельмі складана зрабіць, асабліва тым, хто ўжо не такі малады, каб пачаць з нуля.

Па-другое, мы разумеем, што нельга аддаць Расіі так шмат, каб ёй стала дастаткова. Калі з'ехаць з Сумаў, то фронт будзе ў Палтаве, Кіеве — і так да Львова. І далей.

Гэта значыць, у межах краіны перасяленне наогул не мае сэнсу, хіба што з раёнаў, дзе зусім ужо жах і маштабныя баявыя дзеянні. Адтуль, вядома, трэба выязджаць. У іншым выпадку ты павінен трымацца.

Разумею, што ўзнікае пытанне: а чаму тады з краіны не выязджаюць тыя, хто могуць? І навошта многія вярнуліся? Большасць з тых, хто вярнуўся, адчувала сябе чужымі ў новай краіне. І быць далёка, ведаючы, што твае блізкія тут, ва Украіне, а ты нічым ім не можаш дапамагчы — гэта вельмі складана.

Жизнь в 30 километрах от фронта: “Как будто стоишь около высоковольтной линии”
Сумы да вайны / varandej

Але недзе восенню 2021 года я ўжо ведаў, што будзе вайна. Ну, бо немагчыма, каб некалькі сотняў тысяч расійскіх войскаў на мяжы ўтрымліваліся проста так, немагчыма, каб гэтая стрэльба на сцяне не стрэліла. Але я думаў, што вайна гэтая будзе абмежаванай, што будуць баявыя дзеянні на Данбасе, што могуць быць спробы прарвацца ў Харкаўскую вобласць. Але што кожны дзень па гарадах Украіны будуць запускацца ракеты — у гэта я паверыць не мог.

— А як жылі асабіста вы тры гады таму?

— Напярэдадні вайны я хацеў паехаць на пастдок (даследаванне, якое выконвае навуковец, што нядаўна атрымаў ступень кандыдата навук) у замежны ўніверсітэт. Пастдок для навукоўца — гэта як для футбаліста магчымасць паехаць гуляць у замежны клуб. Калі ты гэтага не зробіш своечасова, твая кар'ера не будзе выдатнай.

У мяне ніколі не было жадання з'ехаць з краіны, хоць у маладога навукоўца для гэтага шмат магчымасцяў. Але я разумеў, што мне трэба атрымаць гэты досвед дзеля будучай кар'еры, і пачаў планаваць. Спярша паехаць на пастдок мне перашкодзіў ковід — Украіна не ўваходзіць у ЕС, і мяне не маглі ўпусціць у Еўрасаюз.

У выніку запрашэнне папрацаваць за мяжой я атрымаў 23 лютага 2022 года. Але нікому, акрамя жонкі, пра гэта не сказаў, бо разумеў: будзе вайна, і я не паспею нікуды паехаць.

Так што на маю кар'еру вайна паўплывала сапраўды моцна. Аднак кантакты з заходняй навуковай супольнасцю мы падтрымліваем. Многія з іх дапамагаюць Украіне — і фінансава, і праз кантакты. Цяпер з'явіліся механізмы, з дапамогай якіх чалавек можа з'ехаць у камандзіроўку за мяжу на месяц.

Але ўсё гэта другаснае. Галоўнае — мір. Кожны дзень забіваюць некага з вайскоўцаў. Людзі ставяць на кон свае жыцці, а не кар'еры.


"Пра палітыку мы не гаворым наогул, а пра вайну гаворым 101% часу"

— Вы так дакладна прадбачылі дзень, калі Расія пачне наступ. Адкуль такое добрае разуменне планаў Пуціна? Як наогул на Сумшчыне ставіліся да суседзяў да 24 лютага?

— Такога паняцця як "браты" мы не выкарыстоўвалі, але да 2014-га года лічылі, што гэта дружалюбная нам краіна. Пасля гэтага ўсё даволі моцна змянілася, але калі б Расія не напала 24 лютага, канфлікт ператварыўся б у тленне.

Паглядзіце, як працуе псіхіка чалавека, на прыкладзе Грузіі. Вось была краіна, якая нармальна ставілася да Расіі. Потым у Грузіі здарылася вайна, і значная частка насельніцтва стала Расію недалюбліваць. Але прайшло 15 гадоў — і да ўлады ў Грузіі прыйшоў прарасійскі ўрад, з якім прэзідэнтка нічога не можа зрабіць. І калі падчас мабілізацыі расіяне выязджалі ў Грузію, ніхто не чыніў ім перашкодаў, усіх спакойна прынялі.

Ва Украіне сітуацыя развівалася паводле таго жа сцэнару. Быў нейкі адсотак людзей, якія ніколі не прымалі Расію і заўсёды лічылі, што гэтая краіна — зло. Ведалі, што гэтая краіна пачне вайну. Я адношуся да гэтых людзей, я заўсёды ведаў, што адзіная магчымая для Расіі форма існавання — гэта экспансія.

Экспансію вядзе любая імперыя. Але калі ЗША вядзе інтэлектуальную экспансію, экспансію ідэй і сэнсаў, калі Кітай праводзіць экспансію тавараў, то расійская экспансія — тэрытарыяльная. Таму Расія не можа не нападаць на сваіх суседзяў. Гэта выключана. Яна павінна нападаць.

Але нават я адчуваў апошнія гады, што стасункі Украіны і Расіі ператвараюцца ў канфлікт, які тлее. Я думаў, гэтым усё і скончыцца.

Таму калі б Пуцін не пачаў гэтай вайны, калі б насельніцтва Расіі гэтай вайны актыўна не падтрымала, калі б экспансія была паўзучай, як у Грузіі, ім бы ўдалося нашмат больш. Яны б прывялі сюды прарасійскія партыі, ставілі б палкі ў колы прыхільнікам еўраінтэграцыі, і ваенны запал паступова сышоў бы на нішто.

Жизнь в 30 километрах от фронта: “Как будто стоишь около высоковольтной линии”
Школа / kievreal1

Але вось у гэтыя дні ў школах і садках выпускны, дзеці ўсё гэтак жа апранаюцца ў белае, танчаць і фатаграфуюцца. Як казаў наш паэт Анатоль Лупініс: "Жыццё працягваецца, ідзе вайна".

— Па якіх ўспамінах з мірнага жыцця сумуеце?

— Гэта ўсё асабістае. А калі казаць у цэлым, то ўкраінцы сумуюць па загінулых. Гэта велізарная рана, бясконцы смутак. Сумуюць па тых, хто на вайне і кожны дзень рызыкуе жыццём, сумуюць па страчаных жыццях і зламаных лёсах. А астатнія радасці мінулага жыцця не асабліва важныя. Ды і трывожыць маленькія радасці жыцця не надта канструктыўна, хай ляжаць у зачыненай скрыні памяці. Можна так сказаць, прага будучыні значна мацнейшая, чым думкі пра добрае мінулае.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі