Жыхара Ляхавіччыны вінавацяць у хуліганстве за БЧБ на слупах і крыжах
47-гадовага жыхара Ляхавіцкага раёна вінавацяць у злосным хуліганстве. Яго крымінальную справу пракуратура перадала ў суд. Самога мужчыну ўзялі пад варту.
Паводле звестак Генпракуратуры, у жніўні 2021 года ён зрабіў "у в. Куршынавічы Ляхавіцкага раёна надпісы і малюнкі белага і чырвонага колераў на 5 апор лініі электраперадачы, электрычны шчыток і сцяну будынка Куршынавіцкага ФАП".
Акрамя таго, мужчына зрабіў бел-чырвона-белыя малёнкі на тры прыдарожныя крыжы на ўездзе ў вёску. У пракуратуры ацанілі гэта як "выключны цынізм" і "аганьбаванне хрысціянскіх сімвалаў".
У верасні мужчына, як кажуць у пракуратуры, у той жа вёсцы зрабіў 13 малюнкаў і надпісаў "фарбай белага і чырвонага колераў" на электраслупах і электрашчытку.
Знайшлі "вінаватага" па тым, што ён размаляваў у бел-чырвона-белы колер аканіцы свайго дома.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.