Жыхарка Гродна падкінула наркотыкі былому мужу

Жыхарка Гродна падкінула наркотыкі былому мужу

Жыхарка Гродна падкінула наркотыкі былому мужу. Такім чынам жанчына хацела вызваліць пакой у кватэры, у якой яны сумесна жылі з агульнымі малымі дзецьмі.

Як піша газета "СБ. Беларусь сегодня", гродзенка, пасля 12 гадоў сумеснага жыцця, вырашыла развесціся з мужам-дальнабойнікам (у яе з'явіўся іншы мужчына — аўтаслесар). Яны дамовіліся, што ён застанецца жыць у адным з пакояў трохпакаёўкі, пакуль жанчына на працягу года не выплаціць 35 тысяч долараў кампенсацыі. Аднак пасля перадумала, пачала скандаліць, аднойчы выклікала міліцыю, заявіла, што былы муж — п'яніца і дэбашыр. Але гэта не пацвердзілася (бацьку абаранялі сыны), таму жанчыну праваахоўнікі папярэдзілі пра адказнасць за ілжывы выклік.

Каб пазбавіцца ад былога мужа, гродзенка скарысталася парадай свайго знаёмага, які неаднаразова трапляў за краты. Яна атрымала ад яго наркотыкі і падкінула ў сумку мужчыне. Пасля быў арганізаваны "сігнал" у міліцыю. Была распачатая крымінальная справа. Аднак следчыя пераканаліся, што дальнабойніка падставілі. Да таго ж у гэтым прызналася і былая жонка. Яна была асуджаная на тры гады пазбаўлення волі ўмоўна (суд прыняў пад увагу, што яна выхоўвае двух малых сыноў) — за незаконнае набыццё і захоўванне псіхатропных рэчываў і лжывыя паказанні. А вось знаёмы гродзенкі, які прыдумаў "падставу" з наркотыкамі, асуджаны на 10 гадоў калоніі строгага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі