Жыхароў Шклоўскага раёна асудзілі за шэраг асабліва цяжкіх злачынстваў
Траіх жыхароў Шклоўскага раёна асудзілі за здзяйсненне шэрагу асабліва цяжкіх злачынстваў. Яны трапілі ў поле зроку праваахоўнікаў пасля таго, як у лютым 2015 года адбылося здарэнне ў вёсцы Вялікія Аўчыненкі. Там падчас тушэння пажару знайшлі труп гаспадара дома. Высветлілася, што ён быў забіты. Міліцыя пазней выйшла на след дваіх мясцовых жыхароў (1989-га і 1990-га гадоў нараджэння), якія раней ужо траплялі за краты. Мужчыны прызналіся ў здзейсненым.
Як інфармуе афіцыйная прадстаўніца УСК па Магілёўскай вобласці Аксана Салянюк, зламыснікі распавялі, што былі ў стане алкагольнага ап'янення. Яны збівалі гаспадара дома, патрабуючы грошы, а калі атрымалі 600 рублёў, задушылі яго, а хату падпалілі.
Падчас расследавання стала вядома, што адзін з абвіначаваных мае дачыненне да забойства мясцовай жыхаркі (1986 года нараджэння), якая знаходзілася ў вышуку як зніклая без вестак. Цела яе знайшлі ў склепе, які знаходзіцца на тэрыторыі спаленага дома. Да крымінальнай адказнасці прыцягнуты мужчына 1968 года нараджэння, які ведаў пра забойства жанчыны і дапамог сябру схаваць яе цела. Магілёўскі абласны суд адправіў яго за краты на 1,5 гады. Што да першых двух мужчын, то яны пакараныя 25 і 20 гадамі пазбаўлення волі кожны. Прысуд яшчэ не набыў законнай сілы.