Жыхара Лунінецкага раёна аштрафавалі на 11 тысяч рублёў — не прыйшоў у ваенкамат
У Лунінцы судзяць ухіліста
У Лунінецкім дзяржаўным аграрным каледжы прайшоў паказальны суд над 26-гадовым ухілістам. У траўні ў ваенкамаце ён пад подпіс атрымаў позву і мусіў праз пяць дзён з'явіцца для адпраўкі ў войска. Але ў прызначаны час у ваенкамат не прыйшоў.
За "ўхіленне ад мерапрыемстваў па прызыву на вайсковую службу" хлопца аштрафавалі. Штраф вялізны — 300 базавых велічынь ці 11,1 тысячы рублёў, паведамляе lnc.by.
На судзе ўхіліст "прызнаў віну ў поўным аб'ёме" і заявіў, што "не ўсведамляў супрацьпраўнасць сваіх дзеянняў". Яму, відаць, не паверылі.
У Беларусі ўсё часцей сталі праходзяць суды над ухілістамі. Не ўсіх караюць штрафамі ці адпраўляюць на грамадскія працы, некаторых асудзілі на зняволенне ў калоніі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.