Жыхарку Жлобіна апазналі па кашулі і судзілі за пратэсты 2020 года

Лаліта Козырава / spring96.org
Лаліта Козырава / spring96.org

21-гадовую жыхарку Жлобіна Лаліту Козыраву апазналі па кашулі і судзілі за ўдзел у жнівеньскай акцыі пратэсту 2020 года, піша spring96.org. Яе крымінальную справу разглядаў суд Жлобінскага раёна (суддзя — Наталля Качалава). Козыраву прызналі вінаватай па артыкуле "арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак, альбо ўдзел у іх". Сцвярджаецца, што ўвечары 9 жніўня 2020-га яна далучылася да натоўпу людзей і выйшла на праезную частку аўтадарогі, пляскала ў далоні, "выкрыквала розныя лозунгі" і не хацела выконваць патрабаванні міліцыі.

У судзе Лаліта Козырава патлумачыла, што лозунгаў не выкрыквала, у счэпку не ўставала, у дачыненні да міліцыянераў фізічнай сілы не ўжывала, ніякіх прадметаў у іх не кідала. Калі сілавікі сталі набліжацца да натоўпу і выцясняць людзей з праезнай часткі, яна сышла дахаты.

Высветлілася, што ў красавіку сёлета ў Козыравай забралі кашулю. Яе супаставілі з відэа з камер назірання ад жніўня 2020-га і прыйшлі да высновы, што дзяўчына была менавіта ў гэтай кашулі на вулічнай акцыі.

Прысуд — абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на тэрмін адзін год і шэсць месяцаў.

Да суда Лаліта Козырава знаходзілася на волі, пад паручальніцтвам.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі