Жыхароў Віцебска пачалі выклікаць на "прафілактычныя гутаркі" ў райвыканкамы
"Прафілактычная гутарка" / Ілюстрацыйнае фота cherven.by
Жыхароў Віцебска пачалі выклікаць на "прафілактычныя гутаркі" ў райвыканкамы. Створаныя адмысловыя групы з ідэалагічных работнікаў "у межах барацьбы з тэрарызмам і экстрэмізмам", паведамляе vitebskspring.org.
Дагэтуль "нядобранадзейных" у палітычным сэнсе грамадзян перыядычна выклікалі ў пракуратуру, Следчы камітэт ці ў міліцыю. Падчас "прафілактычных гутарак" ім нагадваюць пра іх "правіны" — звычайна адміністрацыйныя правапарушэнні. Таксама даюць падпісаць афіцыйнае папярэджанне, што іх пазнаёмілі з наступствамі парушэнняў парадку і правядзення масавых акцый або распаўсюду "экстрэмісцкіх матэрыялаў". Цяпер жа падключыліся і райвыканкамы.
На ўмовах ананімнасці пра візіт у выканкам Кастрычніцкага раёна Віцебска праваабаронцам распавёў адзін з асуджаных за падпіскі на так званыя "экстрэмісцкія інтэрнэт-рэсурсы". Позву на "гутарку" яму пад подпіс уручыла паштальёнка. У кабінет была невялікая чарга, запрашалі па адным. Трое жанчын распытвалі кожнага, што здарылася, ушчувалі "за паводзіны", тлумачылі, што пакаранне панесена заслужана і раілі надалей "не паўтараць памылак". Працягвалася гэта 15-20 хвілін.
Верагодна, у выканкамах ёсць спісы з пазначэннем месцаў жыхарства нядаўна асуджаных. У чарзе былі і тыя, хто адбыў "суткі", і аштрафаваныя на адміністрацыйныя правапарушэнні.
Адказнасць за ігнараванне падобных выклікаў не прадугледжана. Тым не менш, віцябляне лічаць за лепшае не абвастраць сітуацыю, бо спісы "нядобранадзейных" відавочна паступаюць з міліцыі, і справаздача аб праведзеных гутарках, магчыма, таксама пойдзе ў гэтую ўстанову.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.